Спецпасланнік Папы высока ацэньвае мірныя намаганні ЗША
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
"Мірная ініцыятыва Трампа дасягнула вельмі многага," - заявіў старшыня епіскапату Італіі ў размове з нямецкім выданнем "Der Spiegel". Ён падкрэсліў, што гэтыя намаганні былі вырашальнымі для аднаўлення дыялогу з Расіяй і Украінай, дзякуючы чаму дыпламатыя зноў можа даследаваць магчымасці міру і неабходныя гарантыі бяспекі. "Мы бачым, што для міру патрэбны як мінімум тры бакі, двух сапернікаў недастаткова", - адзначыў ён.
Кардынал Дзупі патлумачыў, што зараз гаворка ідзе пра "прымальны", а не "справядлівы" мір. "Мір і справядлівасць падобныя да сіямскіх блізнят, якія патрабуюць адзін аднаго, каб жыць. Але яны не заўсёды растуць з аднолькавай хуткасцю", - заўважыў ён.
Іерарх таксама паведаміў пра пашырэнне магчымасцяў вяртання дадому ўкраінскіх дзяцей, вывезеных у Расію, хоць прагрэс, як і ў абмене ваеннапалоннымі, застаецца павольным.
Арцыбіскуп Балонні заклікаў Арганізацыю Аб'яднаных Нацый актыўней удзельнічаць у мірным працэсе. "Калі знікаюць наднацыянальныя інстытуты, узмацняецца права мацнейшага, што заўсёды больш небяспечна. Сапраўдная моц, аднак, грунтуецца на праве і інструментах, здольных забяспечыць мір", - падкрэсліў ён.
Італьянскі іерарх запэўніў, што Святы Пасад працягне свае гуманітарныя і дыпламатычныя высілкі дзеля дасягнення міру не толькі ва Украіне, але і ў іншых “занядбаных” канфліктах, такіх як у Судане і Газе. "Я не ідэаліст, я цудоўна разумею ўсю складанасць сітуацыі. Аднак менавіта дыялог застаецца адзіным шляхам, які можа пакласці канец насіллю ў доўгай перспектыве", - падкрэсліў ён.
Кардынал Матэа Дзупі, арцыбіскуп Балонні з 2015 года і старшыня епіскапату Італіі з 2022 года, на працягу апошніх трох гадоў неаднаразова выконваў ролю спецыяльнага пасланніка Папы па дыялогу паміж Расіяй і Украінай.