Святы Пасад: права на ежу патрабуе змены парадыгмы
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
12 верасня 2025 года Пастаянны назіральнік Святога Пасада пры Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па харчаванні і сельскай гаспадарцы (ФАО), Міжнародным фондзе сельскагаспадарчага развіцця (МФСР) і Сусветнай праграме па харчаванні (СПП) выступіў з заключным словам на круглым стале "Аб'яднаны інтэлект: Братэрства, Харчаванне, Тэхналогіі і Аднаўленне для Новага Грамадскага Пакта" у Рыме.
Дыпламат адзначыў, што насельніцтва пяці крытычных зон свету (Судан, Палесціна, Паўднёвы Судан, Гаіці і Малі) рызыкуе пацярпець ад экстрэмальнага голаду ў бліжэйшыя месяцы. У многіх рэгіёнах дастаўка дапамогі абмежавана з прычыны небяспекі, бюракратыі і ізаляцыі, а недахоп фінансавання прымушае скарачаць харчовы рацыён.
"Праблема голаду – гэта не недахоп вытворчасці, а няроўнасць і сістэмныя перашкоды для доступу да якаснай ежы. Нам засталося толькі 5 гадоў да 2030 года, і Мэта 'Нулявы Голад' выглядае ўтопіяй. Для яе дасягнення неабходна лаяльнае і салідарнае супрацоўніцтва паміж грамадскімі і прыватнымі суб'ектамі", – падкрэсліў прадстаўнік Святога Пасада.
Кажучы пра ролю тэхналогій, асабліва штучнага інтэлекту, прадстаўнік Святога Пасада заявіў, што нельга аддзяляць разважанні пра тэхналогіі ад разважанняў пра чалавецтва.
"Годнасць чалавека павінна заставацца фундаментальнай каштоўнасцю, а дабрабыт чалавека – мець прыярытэт над тэхналагічным прагрэсам. Сапраўдны прагрэс рэалізуецца толькі тады, калі тэхнічныя распрацоўкі спрыяюць свабодзе, справядлівасці і братэрскай еднасці", - заключыў ён.