MAP

Кардынал Фернанда Наталіа Чамалі Гарыб Кардынал Фернанда Наталіа Чамалі Гарыб  (AFP or licensors)

Кардынал пра эўтаназію: медыцына павінна лячыць, а не забіваць

Да паляпшэння паліятыўнай медыцыны, а таксама прасоўвання дзяржаўнай палітыкі ў інтарэсах пажылых людзей заклікаў чылійскі кардынал Фернанда Наталіа Чамалі Гарыб.

Ян Глінскі

Арцыбіскуп Санцьяга прыняў удзел у пасяджэнні сенацкага Камітэта па ахове здароўя, падчас якога абмяркоўваўся праект закона аб эўтаназіі.

“За ідэяй “годнай смерці” часта крыецца жаданне распараджацца жыццём найслабейшых і хворых, замест таго, каб суправаджаць іх на апошнім этапе жыцця”, – адзначыў іерарх падчас абмеркавання праекта закону. Мэта апошняга заключацца ва ўстанаўленні права добраахвотна выбіраць медыцынскую дапамогу для паскарэння смерці ў выпадку невылечнай хваробы.

Арцыбіскуп Чылі пацвердзіў пазіцыю Каталіцкага Касцёла адносна непахіснай каштоўнасці чалавечага жыцця. Ён падкрэсліў, што парламенцкая ініцыятыва “гаворыць пра медыцынскую дапамогу”, але насамрэч “гэта не што іншае, як спроба выклікаць смерць”. “Медыцына мае іншыя канкрэтныя мэты. Яна прызначана для лячэння, прадухілення і падтрымкі. Яе пакліканне не ў тым, каб пакласці канец чалавечаму жыццю”, – дадаў іерарх.

Кардынал Чамалі прапанаваў іншае выйсце: заклікаў да паляпшэння паліятыўнай медыцыны, а таксама да змены курсу дзяржаўнай палітыкі на карысць дабрабыту пажылых людзей і лепшага для іх доступу да медыцынскай дапамогі.

“Эўтаназія нічога не палягчае; яна спыняе жыццё”, – выразна выказаўся арцыбіскуп Чылі. Пры гэтым іерарх указаў на важнасць “належнага стаўлення да паліятыўнай дапамогі на ўзроўні універсітэтаў і бальніц”.
 

05 верасня 2025, 10:42