MAP

Аўдыенцыя для генеральнага дырэктара МАГАТЭ Рафаэля Гросі Аўдыенцыя для генеральнага дырэктара МАГАТЭ Рафаэля Гросі  (@Vatican Media)

Дырэктар МАГАТЭ: голас Папы мае вялікае значэнне для справы міру

Голас Папы важны і неабходны ў кантэксце актуальных міжнародных выклікаў, адзначыў генеральны дырэктар Міжнароднага агенцтва па атамнай энергіі Рафаэль Гросі.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

5 верасня 2025 года Папа Леў XIV прыняў дырэктара МАГАТЭ на прыватнай аўдыенцыі ў Апостальскім палацы Ватыкана. У інтэрв’ю ватыканскім СМІ эксперт расказаў пра важнасць дыялогу і супрацоўніцтва для зніжэння пагрозы ядзернай эскалацыі.

Гросі адзначыў, што сустрэча з Папам была вельмі важнай для яго па-першае з духоўнага пункту гледжання, як для чалавека і католіка, а па-другое – у кантэксце яго прафесійнай дзейнасці.

“Мая праца мае выразную сувязь з пошукам міру ў свеце, і таму магчымасць паразмаўляць са Святым Айцом, падзяліцца з ім думкамі аб матэрыялах, над якімі мы працуем, і пачуць яго – гэта незаменна”, - сказаў генеральны дырэктар МАГАТЭ. Ён звярнуў увагу на важнасць голасу Папы, Касцёла і рэлігійных лідараў у справе міру і ў кантэксце актуальных выклікаў, звязаных з пагрозай ядзернай эскалацыі.

Рафаэль Гросі заўважыў, што цяпер у свеце назіраецца павелічэнне ядзерных арсеналаў. “Паказальна, што краіны, якія не валодаюць ядзернай зброяй, усё часцей адкрыта заяўляюць пра магчымасць, а часам і ‘неабходнасць’ яе атрымання. Гэта менавіта тое, што мы павінны спыніць. Я размаўляў пра гэта з Папам Львом”, - падкрэсліў ён.

Генеральны дырэктар МАГАТЭ назваў абнадзейваючым фактам тое, што падчас нядаўняй сустрэчы на Алясцы расіяне і амерыканцы ўпершыню за доўгі час прынамсі ўзгадалі пытанне пра раззбраенне. Ён адзначыў таксама, што гэты працэс будзе вельмі складаным з прычыны актуальных міжнародных падзей і канфліктаў.

Каментуючы сітуацыю вакол Запарожскай АЭС, Гросі нагадаў, што яна знаходзіцца практычна на лініі фронту. “Нашы эксперты, якія засталіся ў Запарожжы і працуюць там, адчуваюць гэта, бачаць гэта кожны дзень. Магчымасць удару існуе, бо беспілотнікі і снарады пралятаюць там амаль штодня”, - сказаў ён, нагадваючы, што забеспячэнне энергіяй сістэмы ахалоджвання, якая вельмі важная для бяспекі ядзернага рэактара, заўсёды знаходзіцца пад пагрозай. У гэтым кантэксце Рафаэль Гросі адзначыў важнасць дыялогу і супрацоўніцтва з бакамі канфлікту.
 

08 верасня 2025, 12:53