Кардыналы трох кантынентаў пішуць у ААН на тэму змен клімату
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Тры кардыналы, якія ўзначальваюць каталіцкія біскупскія канферэнцыі на трох кантынентах, 10 верасня 2025 года накіравалі сумесны ліст кіраўніцтву ААН і Рамачнай канвенцыі Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па змяненні клімату (UNFCCC) з нагоды адмысловай падзеі высокага ўзроўню па кліматычных ініцыятывах.
Кардынал Жаймэ Шпэнглер з Бразіліі, кардынал Філіпэ Нэры Ферао з Індыі і кардынал Фрыдалін Амбонга Бесунгу з Конга прадставілі дакумент пад назвай "Заклік да кліматычнай справядлівасці і агульнага дому: экалагічнае навяртанне, трансфармацыя і супраціў фальшывым рашэнням".
Касцёл не будзе маўчаць
"Дзесяць гадоў пасля публікацыі “Laudato Si'” і падпісання Парыжскага пагаднення краіны свету не адрэагавалі з неабходнай тэрміновасцю. Касцёл не будзе маўчаць", - заявілі іерархі. Дакумент ужо быў прадстаўлены Папу Льву XIV як знак агульнай адказнасці за агульны дом.
Кардыналы адзначылі, што глабальнае пацяпленне дасягнула 1,55 градуса цэльсія у 2024 годзе, і падкрэслілі: "Навука ясная: мы павінны абмежаваць глабальнае пацяпленне да 1,5 градуса цэльсія, каб пазбегнуць катастрафічных наступстваў. Гэта Глабальны Поўдзень і будучыя пакаленні ўжо пакутуюць ад наступстваў".
Глабальны Поўдзень і будучыя пакаленні ўжо пакутуюць
Біскупы патрабуюць ад багатых краін выплаціць экалагічны доўг праз справядлівае фінансаванне, спыніць новую інфраструктуру выкапнёвага паліва і абараняць карэнныя народы. Яны заклікаюць да выканання Парыжскага пагаднення з новымі нацыянальна вызначанымі ўкладамі ў адпаведнасці з парогам 1,5 градуса цэльсія.
Няма месца для затрымак і кампрамісаў
"Тэрміновасць гэтага моманту не пакідае месца для затрымак, кампрамісаў або паўмер", - падкрэслілі кардыналы, выказваючы надзею на тое, што COP30 прынясе рэальныя змены для будучых пакаленняў.
COP30 - гэта 30-я Канферэнцыя бакоў Рамачнай канвенцыі ААН па змене клімату, якая адбудзецца ў лістападзе 2025 года ў бразільскім горадзе Белем. Яна павінна стаць ключавой сустрэчай для ацэнкі выканання Парыжскага пагаднення і прыняцця новых нацыянальна вызначаных укладаў (NDCs) для ўтрымання глабальнага пацяплення ў межах 1,5 градуса цэльсія.
Старшынства Бразіліі на канферэнцыі прызнала энцыкліку Папы Францішка “Laudato Si'” "як этычны компас і рацыянальнае кіраўніцтва для гэтай глабальнай мабілізацыі" і імкнецца зрабіць COP30 таксама “глабальнай этычнай інвентарызацыяй”, што падкрэслівае важнасць маральнага вымярэння ў барацьбе з кліматычным крызісам.