MAP

Папа Леў XIV падчас Юбілею моладзі Папа Леў XIV падчас Юбілею моладзі  (ANSA)

Юбілей моладзі ў Рыме: арганізацыйны і духоўны поспех

Юбілей моладзі ў Рыме, у якім удзельнічалі больш за мільён маладых людзей з каля 150 краін свету, прайшоў паспяхова, - падкрэслілі на выніковай прэс-канферэнцыі арганізатары сустрэчы – прадстаўнікі свецкіх і касцельных уладаў.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Той факт, што Італія і Рым даказалі сваю здольнасць справіцца з такім складаным і патрабавальным мерапрыемствам на вачах усяго свету, павінен напаўняць нас усіх пачуццём задавальнення”, - адзначыў мэр Рыма Рабэрта Гуальцьеры.

Станоўча пра арганізацыю форуму выказаўся таксама арцыбіскуп Рына Фізікела, прапрэфект Дыкастэрыі па евангелізацыі. Ён прызнаўся, што быў крануты паводзінамі моладзі: “Часта мы чуем пра злачынствы з удзелам моладзі, але большасць з іх зусім не такія”, - сказаў іерарх, дадаўшы: “Рыму будзе не хапаць энтузіязму і ўсмешак маладых людзей”.

Арцыбіскуп Фізікела расказаў, што падчас Дня пакаяння, які адбыўся ў межах Юбілею ў пятніцу, 1 жніўня 2025 года, да сакрамэнту споведзі на тэрыторыі Вялікага цырку ў цэнтры Рыма, дзе было размешчана каля 200 імправізаваных канфесіяналаў, прыступілі каля 28 тысяч маладых людзей. У сувязі з вялікім патокам вернікаў святары спавядалі юнакоў і дзяўчат да самай ночы. “Гэтыя дні ў Рыме стануць незабыўным момантам у жыцці для многіх маладых людзей”, - перакананы прапрэфект.

У прэс-канферэнцыі ўдзельнічаў таксама сакратар Савета міністраў Італіі Альфрэда Мантавана, які паведаміў, што ў падрыхтоўцы і правядзенні Юбілею моладзі былі задзейнічаны 53 дзяржаўныя ведамствы і ўстановы. За шэсць дзён сустрэчы ў адзінаццаці медыцынскіх пунктах дапамогу атрымалі каля 1200 чалавек, крыху больш за 100 былі шпіталізаваныя.

Таксама паведамлялася, што падчас мерапрыемства рымскія праваахоўнікі арыштавалі пяць чалавек за крадзеж. Большасць з іх – жанчыны, злоўленыя на месцы злачынства, галоўным чынам у метро. Іх абвінавачваюць у крадзяжы грошай і смартфонаў у грамадзян Аўстраліі, Чылі, Кубы, Кітая і Германіі.
 

05 жніўня 2025, 11:42