MAP

Пашкоджаная статуя Езуса Хрыста. Ілюстрацыйнае фота Пашкоджаная статуя Езуса Хрыста. Ілюстрацыйнае фота 

Вандалізм у касцёлах Германіі: біскупы б'юць трывогу

Прадстаўнік нямецкага епіскапату адзначае, што вандалізм у касцёлах набывае ўсё больш небяспечныя формы, падкрэсліваючы, што "ўпалі ўсе табу".

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Падпалы ў алтарных прасторах, экскрэменты ў канфесіяналах, абезгалоўленыя фігуры Хрыста – вандалізм у святынях Германіі дасягнуў трывожнага ўзроўню. Паводле прадстаўніка мясцовай біскупскай канферэнцыі, якога цытуе "Rheinischen Post", у апошнія гады назіраецца эскалацыя "якасці вандалізму ў храмах”.

Узмацненне вандалізму патрабуе больш пільнай увагі

Прадстаўнік біскупаў заклікаў улады больш уважліва ставіцца да вандалізму ў дачыненні да літургічных прадметаў, сакральных скульптур і абразоў. Ён адзначыў, што існуе "цёмны сегмент вандалізму ў касцёлах, якія не ўлічваюцца ў паліцэйскай статыстыцы". У многіх выпадках гэтыя дзеянні расцэньваюцца паліцэйскімі як звычайнае пашкоджанне маёмасці.

У 2023 і 2024 гадах колькасць зарэгістраваных выпадкаў крадзяжоў і пашкоджання маёмасці ў касцёлах і на могілках дасягнула некалькіх тысяч.

Трывожныя прыкметы грамадскай дэградацыі

Палітыкі розных партый выказваюць занепакоенасць гэтай тэндэнцыяй. Бода Рамелаў з Левай партыі (Linken) назваў такія дзеянні "трывожнымі прыкметамі грамадскай дэградацыі і вялікай непавагі", якія шкодзяць усяму грамадству. Ён прапанаваў правесці агульнанацыянальны збор статыстыкі выпадкаў вандалізму, каб ацаніць маштаб праблемы – "і перш за ўсё распрацаваць мэтанакіраваныя меры супраць такіх дзеянняў".

Ламья Кадар ад партыі "Зялёныя" (Grünen) падкрэсліла, што "напады на рэлігійныя месцы датычацца ўсіх нас", і выказала шкадаванне, што рэлігійныя супольнасці вымушаны часова зачыняць касцёлы з меркаванняў бяспекі, праз што рэлігійныя прасторы губляюць сваю адкрытасць.
 

23 жніўня 2025, 10:32