У Рыме абвясцілі Маніфест маладых хрысціян Еўропы
Марыя Валодзіна - Vatican News
"Мы не турысты духоўнасці. Мы пілігрымы сэнсу. Мы ідзем з заплечнікамі, поўнымі сумневаў, ран, песень і надзеі. І з упэўненасцю ў сэрцы: Хрыстус жывы. І кліча нас", - такімі словамі пачынаецца зварот еўрапейскай моладзі.
Маніфест – гэта адказ на крызіс сэнсу, з якім сутыкаюцца маладыя еўрапейцы. Паводле даследаванняў Pew Research Center, больш за 70 працэнтаў маладых еўрапейцаў ва ўзросце ад 16 да 29 гадоў называюць сябе няверуючымі. Пры гэтым Еўропа мае найвышэйшы ў свеце ўзровень самагубстваў сярод моладзі. Па даных Еўрабарометра ў 2022 годзе 42 працэнты маладых еўрапейцаў лічылі сваё жыццё бессэнсоўным, - нагадала каардынатар мерапрыемства Патрысія Рэсіа Марцінес, запрашаючы ўсіх падпісаць Маніфест анлайн.
Святую Імшу ўзначаліў пра-прэфект Дыкастэрыі па евангелізацыі арцыбіскуп Рына Фізікела, які перадаў удзельнікам прывітанне Льва XIV і нагадаў, што пілігрымка – гэта сімвал жыцця, таму што мы заўсёды ў дарозе, у пошуку сэнсу і Бога.
Удзел у малітве прынялі маладыя людзі з Украіны, Іспаніі, Палесціны, Ізраіля, Партугаліі і Італіі. Лацінскі Патрыярх Іерусаліма, кардынал П'ербатыста Піцабала, даслаў пасланне, у якім адзначыў, што мара маладых хрысціян Еўропы таксама з'яўляецца марай хрысціянскай супольнасці Святой Зямлі. Многія маладыя вернікі не змаглі прыехаць у Рым з-за складанай сітуацыі на Блізкім Усходзе, аднак “невялікая група з Іерусаліма і Кіпра знаходзіцца там, з вамі. І гэта шмат значыць для нас. Мы спадзяемся, што да 2033 года ўсе мы зможам свабодна перамяшчацца, на захад і на ўсход, усе разам у кірунку Іерусаліма”, - зазначыў іерарх.