MAP

Giubileo, in un mese gi� 1 milione di pellegrini in Porta Santa

Вернікі Брацтва Святога Пія X з юбілейнай пілігрымкай у Рыме

Больш за 7 тысяч вернікаў Святарскага Брацтва Святога Пія X з 44 краін свету здзейснілі юбілейную пілігрымку ў Рым. Яна праходзіла з 19 па 21 жніўня 2025 года.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Юбілейная пілігрымка Святарскага Брацтва Святога Пія X завяршылася 21 жніўня 2025 года Імшой у Базіліцы Святога Пятра ў Ватыкане. Пілігрымы наведалі папскія базілікі, дзе знаходзяцца юбілейныя Святыя Брамы, і прайшлі працэсіяй па вуліцах Вечнага Горада.

На чале пілігрымкі стаяў генеральны настаяцель Брацтва, ксёндз Давідэ Пальярані. Сярод удзельнікаў былі біскупы Бернар Фэле і Альфонса дэ Галарэта, а таксама каля 680 святароў.

Гэтая пілігрымка мае гістарычныя карані: у 1975 годзе заснавальнік Брацтва, арцыбіскуп Марсэль Лефеўр, наведаў Рым падчас Юбілейнага года. У 2000 годзе пілігрымка прыхільнікаў Брацтва была ўтрая меншая за сёлетнюю.

Святарскае Брацтва Святога Пія X, заснаванае ў 1970 годзе, прытрымліваецца традыцыйных літургічных форм і выказвае сур'ёзныя засцярогі адносна некаторых аспектаў вучэння Другога Ватыканскага Сабора.

У 1988 годзе, пасля высвячэння арцыбіскупам Лефеўрам чатырох біскупаў без дазволу Папы, адбыўся разрыў Брацтва з Апостальскай Сталіцай.

Нягледзячы на тое, што ў 2009 годзе Бэнэдыкт XVI зняў з біскупаў Брацтва экскамуніку, а Папа Францішак у 2015 годзе дазволіў католікам спавядацца ў святароў Брацтва, яно па-ранейшаму не мае ўрэгуляванага кананічнага статусу, што азначае знаходжанне па-за поўнай еднасцю з Касцёлам. Перамовы па гэтым пытанні не прасоўваюцца з прычыны цяжкасцей у дасягненні паразумення адносна прыняцця ўсёй паўнаты касцельнага вучэння.

Удзел прадстаўнікоў Святарскага Брацтва Святога Пія X у Юбілейным 2025 годзе, абвешчаным Папам Францішкам, сведчыць пра іх глыбокую прывязанасць да каталіцкай традыцыі і пашану да Рыма як духоўнага цэнтра хрысціянства.
 

22 жніўня 2025, 10:17