Святы Пасад падтрымаў жанчын карэнных народаў
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
13 жніўня 2025 года адбылася надзвычайная сесія Пастаяннага савета Арганізацыі Амерыканскіх Дзяржаў, прысвечаная Міжнароднаму дню карэнных народаў і Восьмаму міжамерыканскаму тыдню карэнных народаў. Тэма сустрэчы – "Голас жанчын карэнных народаў: бачнасць, лідарства, правы і эканамічная аўтаномія".
У сваім выступе мансеньёр Хуан Антоніа Крус Серана падкрэсліў блізкасць Святога Пасада да карэнных народаў і асабліва да жанчын з мэтай прасоўвання і абароны іх фундаментальных правоў. "У Амазоніі ёсць супольнасці, якія выстаялі дзякуючы прысутнасці моцных і шчодрых жанчын", - адзначыў дыпламат, цытуючы апостальскую адгартацыю Папы Францішка "Querida Amazonía".
Прадстаўнік Святога Пасада падкрэсліў важнасць таго, каб жанчыны карэнных народаў не разглядаліся як пасіўныя атрымальніцы знешняй дапамогі, але як актыўныя ўдзельніцы ў пабудове агульнай будучыні, у рамках прасоўвання карэнных культур, з адпаведнымі духоўнымі шляхамі і ўвагай да звычаяў і моў народаў.
Ксёндз Крус Серана таксама адзначыў, што Каталіцкі Касцёл праз свае ўстановы працягвае клапаціцца пра карэнныя народы ў многіх месцах паўшар'я, інвестуючы ў іх адукацыю і ахову здароўя, павышаючы дасведчанасць грамадства, каб прадстаўнікі гэтых супольнасцей маглі стаць галоўнымі дзеючымі асобамі сваёй уласнай гісторыі.
Для дасягнення гэтай мэты на ўсім кантыненце актыўна працуюць розныя касцельныя структуры: біскупскія канферэнцыі, дыяцэзіі, тэрытарыяльныя прэлатуры, вікарыяты, парафіі, місіі і Панамазонская касцельная сетка (REPAM).
У заключэнні свайго выступу прадстаўнік Святога Пасада выказаў падтрымку ініцыятывам, накіраваным на ўзмацненне голасу карэнных народаў, абарону іх правоў і забеспячэнне іх поўнага ўдзелу ў жыцці грамадства.