MAP

Падчас гістарычнай малітвы прадстаўнікоў рэлігій аб міры, якая адбылася ў Асізі 27 кастрычніка 1986 года з ініцыятывы святога Яна Паўла II Падчас гістарычнай малітвы прадстаўнікоў рэлігій аб міры, якая адбылася ў Асізі 27 кастрычніка 1986 года з ініцыятывы святога Яна Паўла II 

Рым прыме Міжнародную Сустрэчу Дыялогу і Малітвы аб Міры

"Рызыкуючы мірам" – пад такім дэвізам з 26 па 28 кастрычніка 2025 года ў Рыме адбудзецца чарговая Міжнародная Сустрэча Дыялогу і Малітвы аб Міры, арганізаваная Супольнасцю Святога Эгідзія.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

"Прадстаўнікі вялікіх рэлігій, свету культуры, грамадзянскай супольнасці і палітыкі разам з Супольнасцю Святога Эгідзія возьмуцца за самыя тэрміновыя выклікі нашага часу. Свет, здаецца, рухаецца ў кірунку канфліктаў і падзелаў, але ёсць тыя, хто выбіраюць іншы шлях: шлях дыялогу. З 26 па 28 кастрычніка 2025 года Рым стане месцам сустрэчы розных галасоў, культур і рэлігій, каб разам сказаць: мір варты рызыкі", - паведамляюць арганізатары.

Мір варты рызыкі

Сустрэча збярэ прадстаўнікоў вялікіх рэлігій, свету культуры, прадстаўнікоў грамадскіх і палітычных арганізацый, каб разам сустрэць самыя неадкладныя выклікі нашага часу: мірнае суіснаванне, салідарнасць і пабудову новых візій міру.

Урачыстая інаўгурацыя адбудзецца 26 кастрычніка 2025 года ў аўдыторыуме Парка-дэла-Музіка, у прысутнасці прадстаўнікоў найвышэйшых дзяржаўных улад.

У наступныя дні запланаваны тэматычныя круглыя сталы і дэбаты з удзелам асоб міжнароднай вядомасці.

Малітвы розных рэлігійных традыцый

Асаблівым момантам стане Урачыстая Цырымонія на карысць Міру, запланаваная на другую палову дня ў панядзелак 27 кастрычніка. Перад ёй адбудуцца малітвы аб міры згодна з рытуаламі розных рэлігійных традыцый, у сімвалічным аб'яднанні розных культур і веравызнанняў.

Сустрэчы, якія арганізуюцца з 1987 года, з'яўляюцца працягам гістарычнай малітвы прадстаўнікоў рэлігій аб міры, якая адбылася ў Асізі 27 кастрычніка 1986 года з ініцыятывы святога Яна Паўла II.
 

20 жніўня 2025, 11:45