MAP

Artificial Intelligence (AI) Action Summit in Paris

Каталіцкія эксперты: ШІ не павінен "уваскрашаць" памерлых

Інтэрактыўная рэканструкцыя памерлых блізкіх праз штучны інтэлект балансуе на тонкай мяжы паміж ушанаваннем і здрадай асобы, узнімаючы сур'ёзныя этычныя пытанні.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Развіццё тэхналогій штучнага інтэлекту (ШІ) прывяло да з'яўлення "лічбавых аватараў" або "дэдботаў" – віртуальных копій памерлых людзей, створаных для сваякоў і сяброў, якія могуць імітаваць размову з нябожчыкам. Аднак каталіцкія эксперты папярэджваюць аб этычных праблемах такіх "уваскрашэнняў", паведамляе Джына Крысціян з “OSV News”.

Нельга называць гэта ўваскрашэннем – гэта насмешка над самім словам

Брайан Патрык Грын, дырэктар па этыцы тэхналогій ва Універсітэце Санта-Клара і член даследчай групы па ШІ, скліканай Цэнтрам лічбавай культуры пры Дыкастэрыі па культуры і адукацыі, падкрэсліў, што "няправільна думаць, быццам мы можам лічбава ўваскрашаць людзей".

"Гэта абсалютна няправільная тэрміналогія. Гэта насмешка над словам 'уваскрашэнне', і яе наогул не варта выкарыстоўваць", - заявіў ён у інтэрв'ю для “OSV News”.

Мы павінны паважаць памерлых, а не эксплуатаваць іх вобраз

Нядаўні прыклад такога выкарыстання ШІ – "інтэрв'ю" журналіста Джыма Акосты з аватарам Хаакіна Алівера, забітага падчас масавай стральбы ў школе Паркленда ў 2018 годзе. Хоць аватар быў створаны з дазволу бацькоў Алівера, Грын адзначае: "Дзіця не можа даць згоду на гэта, бо яго ўжо няма".

Паводле эксперта, такое выкарыстанне ШІ можа стаць "інструменталізацыяй памяці". "Магчыма, сын цалкам падтрымаў бы сваіх бацькоў у гэтым... Але мы гэтага не ведаем", - дадаў ён.

Жывая супольнасць, а не віртуальныя копіі, дапамагаюць у жалобе

Патрык Метс, ліцэнзаваны прафесійны кансультант і намеснік дырэктара Офіса евангелізацыі і вучнёўства архідыяцэзіі Атланты, у размове з Джынай Крысціян адзначыў, што такія аватары, хоць і "верагодна ствараюцца з добрымі намерамі дапамагчы тым, хто перажывае страту", у выніку "перашкаджаюць працэсу жалобы", выклікаючы "шмат блытаніны".

Узаемадзеянне з аватарам памерлага блізкага "выклікала б гэтую патэнцыяльна пастаянную прысутнасць з тым, хто гаруе, якая не заснавана на рэальнасці, не заснавана на праўдзе", - растлумачыў Метс.

Ён дадаў, што "ёсць вялікая занепакоенасць" тым, што такая прысутнасць "патэнцыяльна яшчэ больш ізалюе чалавека, які перажывае жалобу" у той час, калі асабліва неабходна міжасобасная падтрымка і сацыяльная дапамога.

"Спадзяванне, вядома, у працэсе жалобы заключаецца ў тым, што яны (тыя, хто гаруе) узаемадзейнічаюць з супольнасцю вакол іх, - патлумачыў Метс. Яны атрымліваюць суцяшэнне ад супольнасці вакол іх, ад Касцёла, ад сакрамэнтаў".

Нашай культуры неабходна навучыцца прымаць рэальнасць смерці

Як Грын, так і Метс адзначылі, што сучасная амерыканская культура ўсё больш імкнецца пазбягаць размоў аб смерці. "Калі мы не можам прызнаць, што людзі паміраюць, то мы больш не жывём у рэальным свеце", - падкрэсліў Грын.

На парафіяльным узроўні вернікі могуць значна дапамагчы тым, хто сутыкаецца са смерцю блізкага чалавека, сказаў Метс. "Актыўна сустракайце чалавека ў яго горы і суправаджайце яго ў яго жалобе – вось як Касцёл можа адрэагаваць".
 

22 жніўня 2025, 11:31