Пратэсты ў Сербіі: кардынал Нэмет заклікае грамадства да дыялогу
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Пасля чарговых сутыкненняў, якія адбыліся на вуліцах сербскіх гарадоў у мінулыя выходныя і прывялі да ранення некалькіх дзясяткаў чалавек, арцыбіскуп Бялграда, кардынал Ладзіслаў Нэмет, выступіў з афіцыйнай заявай, у якой заклікаў грамадства шукаць шлях паразумення.
“З глыбокім хваляваннем сачу за сітуацыяй у Сербіі, за беспарадкамі, што перарастаюць у гвалт, і за напружанасцю, якая ахапіла ўсю краіну”, - напісаў каталіцкі іерарх.
Кардынал падкрэсліў сваю глыбокую перакананасць у тым, што любое насілле з’яўляецца непрымальным і вядзе выключна да далейшых пакут і падзелаў. У гэтым кантэксце ён звярнуўся як да праваахоўнікаў, так і да пратэстоўцаў з заклікам спыніць ужыванне насілля.
“Заахвочваю ўсіх грамадзян выбраць шлях дыялогу, цярплівасці і справядлівасці, бо толькі такім чынам можна дасягнуць рэальнага і трывалага вырашэння нашых грамадскіх праблем”, - адзначыў арцыбіскуп.
Іерарх выказаў упэўненасць у тым, што Сербія здолее аднавіцца, калі адкіне нянавісць і будзе прыкладаць намаганні на карысць міру і чалавечнасці. “Сёння асабліва патрэбныя паслядоўнасць, мудрасць і ўзаемная павага дзеля будучыні нашай краіны”, - падкрэсліў кардынал.
Асаблівую занепакоенасць іерарх выказаў адносна тых, хто быў паранены падчас нядаўніх беспарадкаў і стаў ахвярай непатрэбнага гвалту. “Лёс Сербіі знаходзіцца ў руках усіх грамадзян. Таму заклікаю выбраць шлях міру”, - дадаў ён.
Пратэсты ў Сербіі пачаліся пасля трагедыі ў Нові-Садзе, калі 1 лістапада 2024 года ў выніку абвальвання бетоннага навесу на нядаўна адрамантаваным чыгуначным вакзале загінулі 16 чалавек. Пасля здарэння былі арыштаваныя каля 13 асобаў, адказных за рэканструкцыю аб’екта, у тым ліку былы міністр будаўніцтва Горан Весіч. Нягледзячы на гэта, краіну ахапіла хваля пратэстаў супраць прэзідэнта Аляксандра Вучыча. Дэманстранты патрабуюць узмацніць барацьбу з карупцыяй і правесці пазачарговыя выбары.