MAP

Ізраільская мяжа з Газай Ізраільская мяжа з Газай 

Заклік да міру: хрысціянскія пастыры супраць эвакуацыі Газы

Грэка-праваслаўны і Лацінскі патрыярхаты Іерусаліма выступілі з сумеснай заявай супраць рашэння ізраільскага ўрада эвакуіраваць насельніцтва Газы.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Адзначаецца, што ізраільскі ўрад рыхтуецца да маштабнай вайсковай аперацыі ў горадзе Газа, плануючы эвакуацыю соцень тысяч цывільных на поўдзень Сектара. На момант заявы ўжо выдадзены загады аб эвакуацыі для некаторых раёнаў і працягваюцца бамбардзіроўкі.

Ад пачатку вайны грэка-праваслаўная парафія святога Парфірыя і лацінская парафія Святой Сям'і сталі прытулкам для соцень цывільных. Сярод іх ёсць аслабленыя і недаядаючыя людзі, для якіх эвакуацыя можа стаць смяротным прысудам. Таму святары і манахіні вырашылі застацца і працягваць клапаціцца пра ўсіх, хто знаходзіцца ў гэтых комплексах.

Патрыярхаты цытуюць нядаўнія словы Папы Льва XIV: "Усе народы, нават самыя малыя, павінны паважацца ў іх праве жыць на сваёй зямлі; і ніхто не можа прымушаць іх да гвалтоўнага высялення".

Яны заклікаюць міжнародную супольнасць дзейнічаць, каб спыніць гэтую бессэнсоўную і разбуральную вайну, і каб ізраільскія закладнікі маглі вярнуцца дадому.
 

26 жніўня 2025, 11:20