Партугалія: Касцёл уключыўся ў дапамогу пацярпелым ад пажару
Ян Глінскі
Біскупы Партугаліі выказалі салідарнасць з ахвярамі пажараў, а таксама з некалькімі тысячамі пажарных, якія змагаюцца з полымем па ўсёй краіне.
Біскуп Жуан Лаўрадор з дыяцэзіі Віяна-ду-Каштэлу звярнуўся да кіраўніцтва дабрачыннага таварыства Caritas у Партугаліі з просьбай пільна аказаць падтрымку пацярпелым. “Я веру, што парафіяльныя супольнасці акажуць такую падтрымку тым, хто пацярпеў ад пажараў і быў вымушаны пакінуць свае дамы”, – адзначыў іерарх.
За час ад 27 ліпеня 2025 года па ўсёй краіне было эвакуявана каля 500 чалавек. У сераду ўвечары былі эвакуяваныя жыхары чатырох вёсак паблізу паўночнай мяжы з Іспаніяй: Ігрэжа, Брытэлу, Жэрміл і Лоўрыду. Агонь таксама наблізіўся да некалькіх гарадоў у раёнах Авейру і Брага, што на паўночным захадзе краіны.
У гэтых рэгіёнах многія засталіся без электрычнасці і вады з-за лясных і лугавых пажараў. Паводле папярэдніх ацэнак партугальскага ўрада, пажары, якія бушуюць з нядзелі, знішчылі больш за 15 тысяч гектараў лесу і пусткі. Гэтая плошча большая за плошчу, якая згарэла ў перыяд з 1 студзеня па 26 ліпеня гэтага года. Пажараў было асабліва шмат у сераду і чацвер раніцай – амаль сто. Партугальскія ўлады мяркуюць, што многія з іх – справа рук падпальшчыкаў.