Каталіцкая кінапрэм’ера ў сусветным пракаце: “Трыумф сэрца”
Ян Глінскі
Рэжысёр Энтані Д’Амброзіа распавёў гісторыю францішканіна, які ў часы Другой сусветнай вайны трапіў у нямецкі канцэнтрацыйны лагер і там дабравольна аддаў жыццё за іншага вязня. На думку аўтараў, гэтая стужка не толькі пра мінулае: гэта да глыбіні сучасная аповесць пра духоўнае цярпенне, адзіноту і неабходнасць сэнсу, якая можа стаць люстэркам для многіх з тых, хто перажывае ўласную ўнутраную цемру.
У інтэрв’ю для "National Catholic Register" Д’Амброзіа прызнаўся, што гэты фільм стаў плёнам яго ўласнай хваробы. Не адзін год ён змагаўся з невытлумачальным неўралагічным захворваннем, якое моцна яго знясіліла. Галоўным сімптомам было хранічнае бяссонне. Здаралася, што Энтані Д’Амброзіа спаў толькі па 20 хвілін у суткі. Фізічнае і псіхічнае знясіленне прывяло яго да мяжы зрыву: ён страціў працу, адносіны, сэнс веры, надзеі і жыцця. Як прызнаўся сам рэжысёр, ён дайшоў да таго моманту, калі смерць здавалася “спакуслівым рашэннем”.
Пераломным момантам стала выпадковае знаёмства з гісторыяй аднаго каталіцкага святога – Максімільяна Кольбэ. Манах францішканін на працягу 14 дзён духоўна падтрымліваў асуджаных на смерць вязняў, пакуль сам не вырашыў аддаць сваё жыццё. Вобраз такой духоўнай прысутнасці і салідарнасці ў найбольш экстрэмальных абставінах моцна прамовіў да Энтані Д’Амброзіа. Ён пачаў з ім размаўляць: спачатку ў думках, потым на паперы. Запісы сталі малітвай, тэрапіяй і апошнім спосабам выжыць. Менавіта з гэтых духоўных змаганняў і нарадзіўся сцэнар фільма.
Фільм “Трыумф сэрца”, як апісвае рэжысёр, – не проста біяграфія святога, а фільм пра чалавека нашага стагоддзя, які не ўмее маліцца і не мае сілаў жыць. Кольбэ, створаны Д’Амброзіа, нібы ўваходзіць у нашу сучасную “духоўную келлю”: у свет дэпрэсіі, бяссоння, страты веры, у свет псіхічных захворванняў і крызісаў у адносінах. Рэжысёр падкрэсліў, што хацеў, каб гэты фільм стаў “голасам тых, хто не бачыць сэнсу і адчувае сябе самотным”. Праз свой твор аўтар уздымае пытанні пра эўтаназію, адзіноту, сэнс ахвярнасці і кахання. На яго думку, сёння польскі Асвенцым, месца смерці святога Максімільяна Кольбэ, – гэта не сімвал моцы зла, а прамень надзеі.
Прэм’ера фільма запланавана на 12 верасня 2025 года. Па меркаванні некаторых амерыканскіх кінакрытыкаў, яна стане адной з найважнейшых падзей каталіцкага кіно за апошнія гады.