ШІ і трансгуманізм – сціранне меж паміж рэальным і штучным
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
У інтэрв'ю для каталіцкага тэлеканала “EWTN News” спецыяліст у галіне біяэтыкі прафесар Чарльз Камосі заявіў, што "яшчэ не позна вярнуць джына ў бутэльку і пазбегнуць найгоршых наступстваў новага вынаходніцтва".
ШІ ўплывае амаль на кожную частку нашай культуры
Навуковец нагадаў, што "Папа Леў XIV ужо раней папярэджваў, што ШІ можа мець негатыўны ўплыў на развіццё маладых людзей і спрыяць страце таго, кім з'яўляецца чалавек". Біяэтык падкрэсліў, што новы Пантыфік "прыняў сваё імя, каб звязаць сябе з Львом XIII, які сутыкнуўся з прамысловай рэвалюцыяй канца XIX стагоддзя, што цалкам пераўтварыла культуру".
"Зараз мы праходзім праз падобныя тэхналагічныя змены, якія цалкам зменяць культуру," - адзначыў Камосі і драматычна запытаў: "Як мы на гэта адкажам?"
У нядаўнім артыкуле ў часопісе "The Atlantic" прафесар сцвярджаў, што вырашэнне праблемы штучнага інтэлекту "можа быць самым амбіцыйным і трывалым праектам у спадчыне Льва XIV". Ён адзначыў, што "людзі часта не могуць распазнаць, ці размаўляюць яны з чалавекам, ці з чатботам".
Мы фундаментальна адрозніваемся ад вялікай моўнай мадэлі
"Велізарную трывогу выклікае ступень блытаніны ў гэтай справе, паколькі мы павінны захоўваць свядомасць, што прынцыпова адрозніваемся ад вялікай моўнай мадэлі (LLM). Мы з'яўляемся целам і крывёю, створаныя па вобразу і падабенству Бога, з душой, якая адлюстроўвае адносіны, якіх ніякім чынам не можа мець чатбот," - падкрэсліў каталіцкі вучоны.
Паводле слоў Камосі, у кантэксце "працяглай эпідэміі адзіноты людзі ўжо стаяць перад рызыкай страты сваёй ідэнтычнасці". Ён адзначыў, што калі хтосьці жыве ў свеце, залежным ад смартфона, то не ўмее аўтэнтычна камунікаваць і не мае сяброў, якія шчыра адказалі б на яго сумневы. У выніку ён становіцца "ўразлівым для вельмі красамоўнага чатбота".
"Чатботы ШІ не толькі запаўняюць гэтую пустэчу, але робяць гэта такім чынам, які, прынамсі, імітуе патрэбу, якую мы ўсе маем: інтымнасці, некага, хто клапоціцца пра нас," - растлумачыў прафесар.
Святы Пасад апярэдзіў культуру ў асэнсаванні штучнага інтэлекту
Касцёл займаецца гэтай праблемай ужо некаторы час праз рабочыя групы па пытаннях ШІ, адзначыў біяэтык. Ён спаслаўся на ватыканскі дакумент "Antiqua et Nova: Нота аб адносінах паміж штучным інтэлектам і чалавечым інтэлектам" са студзеня 2025 года як на каталіцкую крыніцу, якая тычыцца гэтай тэхналогіі.
Паводле слоў Камосі, "гэта не толькі пытанне ШІ", паколькі дыскусія пра штучны інтэлект звязана з "прыходам трансгуманізму – навуковага і культурнага руху, які пастулюе пераўтварэнне біялогіі чалавека з дапамогай тэхналогій, што можа прывесці да сцірання меж паміж штучным і рэальным светам".
"Мы знаходзімся ў сапраўды важным культурным моманце, калі другая прамысловая рэвалюцыя знаходзіцца за крок ад рэалізацыі. Дзякуй Богу, у нас ёсць такі чалавек, як Папа Леў, які правядзе Касцёл праз гэты час," - заявіў амерыканскі біяэтык.