MAP

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Касцёл ЗША супраць бесчалавечнага стаўлення да мігрантаў

Каталіцкі біскуп з ЗША выступіў з заявай у абарону правоў мігрантаў, якія будуць утрымлівацца ў новым цэнтры затрымання, падкрэсліваючы важнасць захавання іх чалавечай годнасці.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Біскуп Джэймс Д. Конлі з дыяцэзіі Лінкальн, што ў штаце Небраска (ЗША), 22 жніўня 2025 года выказаў занепакоенасць лёсам мігрантаў, якія будуць утрымлівацца ў новым федэральным цэнтры затрымання. Ён падкрэсліў, што нават пры гарантаванні бяспекі меж, неабходна паважаць чалавечую годнасць кожнага затрыманага.

Годнасць кожнага чалавека непарушная

"Мы ніколі не павінны забываць: кожны чалавек – незалежна ад яго іміграцыйнага статусу – гэта асоба, створаная паводле вобразу і падабенства Божага", - адзначыў біскуп Конлі.

Іерарх падкрэсліў, што ў цэнтры павінны ўтрымлівацца толькі тыя мігранты без дакументаў, якія сапраўды ўчынілі злачынствы, а не тыя, хто проста імкнецца да лепшага жыцця. Ён таксама настойваў на тым, што кожны затрыманы павінен мець доступ да духоўнай і душпастырскай апекі.

Патрэбна сістэмная рэформа іміграцыйнай палітыкі

Заява біскупа з'явілася пасля таго, як улады штата Небраска аб'явілі аб стварэнні новага цэнтра затрымання мігрантаў у рамках жорсткай іміграцыйнай палітыкі цяперашняй адміністрацыі прэзідэнта Дональда Трампа.

"Біскупы ЗША заклікаюць дзяржаўных службоўцаў заняцца сур'ёзнай іміграцыйнай рэформай, - нагадаў біскуп Конлі. - Прэзідэнт і Кангрэс павінны працаваць разам, каб распрацаваць законы, якія паважаюць як нашы межы, так і правы кожнага чалавека на міграцыю".

"Як біскуп, я застаюся адданым абароне чалавечай годнасці, якая адначасова забяспечвае грамадскую бяспеку і паважае нашых братоў і сясцёр-мігрантаў", - падсумаваў іерарх.

Варта адзначыць, што гэта не першы выпадак, калі каталіцкія лідары ў ЗША выказваюць заклапочанасць умовамі ўтрымання мігрантаў у спецыяльных цэнтрах затрымання, якія ствараюцца па ўсёй краіне ў рамках узмацнення іміграцыйнай палітыкі.
 

23 жніўня 2025, 10:15