Штучны інтэлект і права: каталіцкі ўніверсітэт ініцыюе дыялог
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Ці захавае чалавек сваю ролю ў прававой сістэме, калі штучны інтэлект працягне сваё трыумфальнае шэсце? Як алгарытмы ўплываюць на нашу свабоду выбару і самавызначэння? Ці дапаможа ШІ ўмацаваць дэмакратыю, ці наадварот падарве яе асновы? Паводле інфармацыі агенцтва SIR, гэтыя пытанні прымусілі каталіцкі Універсітэт Нотр-Дам (ЗША) і Фларэнтыйскі ўніверсітэт ініцыяваць унікальны дыялог, які адбудзецца ў гістарычным цэнтры Фларэнцыі.
У эпоху, калі штучны інтэлект усё часцей замяняе чалавечыя рашэнні, патрабуецца глыбокае пераасэнсаванне ролі права. Семінар пачнецца з адкрытай лекцыі ў знакавым месцы – у “Чэнакала” базілікі Санта-Крочэ, дзе хрысціянская традыцыя спалучаецца з гуманістычнай думкай. Пасля першага дня абмеркаванняў, адкрытых для публікі, удзельнікі працягнуць дыялог у больш вузкім коле экспертаў.
Арганізатары падкрэсліваюць, што алгарытмічная логіка стварае большую пагрозу для чалавечых здольнасцей разважаць і вырашаць, чым любая тэхналогія да гэтага. Калі пісьмо аслабіла нашу здольнасць перадаваць веды вусна, а GPS зменшыла пачуццё арыентацыі, то ШІ можа пазбавіць нас самой здольнасці прымаць рашэнні – асновы прававой сістэмы. Таму важна менавіта цяпер задацца пытаннем: што ў праве павінна застацца непарушна чалавечым?
Гэты семінар мае асаблівае значэнне ў кантэксце нядаўніх заклікаў Папы Льва XIV да этычнага выкарыстання штучнага інтэлекту і захавання годнасці чалавека ў лічбавую эпоху.
Каталіцкі Універсітэт Нотр-Дам, як адзін з ініцыятараў мерапрыемства, працягвае традыцыю сацыяльнага вучэння Касцёла, якое заўсёды падкрэслівае прыярытэт чалавечай асобы над тэхналогіямі.