MAP

Дзелі ля разбуранай школы ў горадзе Газа Дзелі ля разбуранай школы ў горадзе Газа  (AFP or licensors)

Адукацыйная катастрофа ў Газе: біскупы б'юць трывогу

З прычыны вайны дзеці з Газы трэці год запар не пойдуць у школу. Яны пазбаўлены фундаментальнага права на адукацыю – падкрэслівае Сход Каталіцкіх Ардынарыяў Святой Зямлі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Біскупы выказалі глыбокую занепакоенасць сітуацыяй у сектары Газа, дзе дзеці ўжо трэці год не могуць атрымліваць адукацыю. У заяве, падпісанай старшынёй Сходу кардыналам П'ербатыстам Піцабалам, адзначаецца, што "школы былі знішчаны, а класы зачынены".

"Мы молімся аб міры, каб вучні маглі хутка сесці за свае парты і вярнуць сабе дзяцінства", - гаворыцца ў дакуменце, апублікаваным у сувязі з пачаткам новага навучальнага года ў каталіцкіх школах Святой Зямлі. Біскупы нагадваюць, што навучанне "вымяраецца не толькі адзнакамі", але таксама "каштоўнасцямі, сфарміраванымі ў характары", стараннасцю, "надзеяй і адкрытасцю, якія жывуць у сэрцы".

"Нашы школы павінны быць месцамі навучання, сустрэчы і дыялогу, прасторай сеяння міру, клопату аб годнасці і адкрыцця дзвярэй у будучыню для кожнага вучня, незалежна ад яго паходжання. Выдатныя дасягненні нашых вучняў у розных галінах, сапраўдныя каштоўнасці, якія яны ўвасабляюць, і таленты, якія яны развіваюць, з'яўляюцца жывым сведчаннем плённасці гэтай адукацыйнай місіі, а таксама прычынай гонару і ўдзячнасці для ўсіх нас", - напісалі біскупы Святой Зямлі 15 студзеня 2025 года.

Іерархі заклікаюць вернікаў маліцца за тое, каб вайна ў рэгіёне спынілася, і дзеці Газы нарэшце змаглі вярнуцца ў школы і атрымаць тое, што належыць ім па праве – доступ да якаснай адукацыі ў бяспечным асяроддзі.
 

30 жніўня 2025, 10:51