MAP

Feast of the Assumption procession at Notre Dame Cathedral

Даследаванне паказвае змяншэнне колькасці “хрысціянскіх” краін

За перыяд 2010-2020 гадоў у некаторых краінах свету хрысціяне перасталі складаць большасць насельніцтва, галоўным чынам з прычыны росту колькасці агностыкаў і атэістаў.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Паводле новага даследавання вашынгтонскага “Pew Research Center”, нягледзячы на тое, што хрысціяне па-ранейшаму складаюць большасць насельніцтва ў многіх краінах свету, іх колькасць паступова скарачаецца.

Хрысціяне з'яўляюцца найбольш геаграфічна распаўсюджанай рэлігійнай групай у свеце

У 2020 годзе хрысціяне складалі большасць насельніцтва ў 120 з 201 краіны свету. Для параўнання, у 2010 годзе такіх краін было 124. У той жа час 10 краін мелі большасць насельніцтва без пэўнай рэлігійнай прыналежнасці – на тры больш, чым у 2010 годзе.

Гэта азначае, што хрысціяне складаюць большасць у 60 працэнтах краін свету – у параўнанні з 62 працэнтамі дзесяць гадоў таму.

Вялікабрытанія, Аўстралія і Францыя страцілі хрысціянскую большасць

Паміж 2010 і 2020 гадамі хрысціяне перасталі складаць большасць насельніцтва ў Вялікабрытаніі (дзе іх 49 працэнтаў ад агульнай колькасці насельніцтва), Аўстраліі (47 працэнтаў), Францыі (46 працэнтаў) і Уругваі (44 працэнтаў). У першых трох краінах большасць цяпер складаюць няверуючыя, у той час як у Уругваі – асобы без пэўнай рэлігійнай прыналежнасці.

Сярод іншых краін і тэрыторый, дзе большасць насельніцтва не мае пэўнай рэлігійнай прыналежнасці: Кітай, Паўночная Карэя, Чэхія, Ганконг, В'етнам, Макаа, Японія, Нідэрланды і Новая Зеландыя.

Рэлігійны ландшафт у свеце становіцца больш разнастайным

За перыяд 2010-2020 гадоў не змянілася колькасць краін, дзе большасцю насельніцтва з'яўляліся мусульмане (53), будысты (7), індуісты (2), юдэі (1) і "вызнаўцы іншых рэлігій" (1).

Пры гэтым вырасла колькасць краін, у якіх не было ніякай рэлігійнай большасці. Да Кот д'Івуар (дзе больш за ўсё мусульман, хоць яны не маюць большасці), Маўрыкія (больш за ўсё індуістаў), Сінгапура (больш за ўсё будыстаў) і Паўднёвай Карэі (больш за ўсё асоб без рэлігійнай прыналежнасці) дадаліся Вялікабрытанія, Аўстралія і Францыя, якія страцілі хрысціянскую большасць.

Цікава, што доля краін, у якіх пэўная рэлігійная група складае большасць, не абавязкова адпавядае долі гэтай рэлігійнай групы ў сусветным насельніцтве. Напрыклад, усяго 1 працэнт краін мае індуізм як рэлігію большасці, у той час як індуісты складаюць 15 працэнтаў жыхароў свету. Аднак аж 95 працэнтаў індуістаў жыве ў адной краіне – Індыі.

У свеце хрысціяне, якія складаюць большасць у 60 працэнтах краін і тэрыторый свету, складаюць усяго 29 працэнтаў сусветнага насельніцтва. Яны найбольш геаграфічна рассеяны і ўтвараюць большасць як у невялікай Мікранезіі, так і ў ЗША, трэцяй па колькасці насельніцтва найбуйнейшай краіне свету.
 

22 жніўня 2025, 11:46