Чыкага адкрывае турыстычны маршрут па мясцінах Льва XIV
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Экскурсія "Chicago MAP Tour" працягваецца каля дзвюх з паловай гадзін і мае на мэце паказаць, дзе і як рос будучы Папа. Пра гэта паведаміў тэлеканал "6abc", які цытуюць сусветныя СМІ.
Маршрут пачынаецца каля катэдры Найсвяцейшага Імя Езуса ў Чыкага – месца, дзе ў канцы 1940-х гадоў узялі шлюб бацькі будучага Пантыфіка. Затым экскурсія праходзіць праз Саўт-Сайд, дзе нарадзіўся Роберт Фрэнсіс Прэвост, і вядзе да дома ў прыгарадзе Долтан, дзе ён правёў сваё дзяцінства.
Пасля абрання Прэвоста на Пасад Святога Пятра гэты дом быў нядаўна набыты мясцовымі ўладамі і будзе адкрыты для наведвальнікаў як турыстычная атракцыя.
Згодна з інфармацыяй, размешчанай на афіцыйным сайце www.chicagopopetour.com, першая экскурсія адбудзецца 14 жніўня 2025 года, а да сярэдзіны кастрычніка запланавана яшчэ пяць тураў. Кошт аднаго квітка складае 65 долараў.
Удзельнікі атрымліваюць таксама спецыяльны бонус – 20 працэнтаў зніжкі ў рэстаране “Aurelio's”, які, паводле звестак арганізатараў, з'яўляецца любімай мясцовай піцэрыяй Папы Льва XIV.
Роберт Фрэнсіс Прэвост нарадзіўся 14 верасня 1955 года ў Чыкага. З моманту яго абрання Папам 8 мая 2025 года ў амерыканскім мегаполісе пачалася сапраўдная "папская ліхаманка". Рознічны гандаль, бары і рэстараны з першых дзён выкарыстоўваюць той факт, што ўпершыню ў гісторыі на Пасадзе Святога Пятра апынуўся амерыканец.