MAP

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (ANSA)

Хрысціяне Аўстрыі: "Час стварэння" з экаінавацыямі

У рамках экуменічнай ініцыятывы "Час стварэння" пад сёлетнім дэвізам "Мір са стварэннем" аўстрыйскія хрысціяне ператвараюць экалагічныя дэкларацыі ў практычныя дзеянні, сярод якіх – стварэнне найбуйнейшай у краіне сеткі “балконных электрастанцый”.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Прадстаўнікі хрысціянскіх канфесій Аўстрыі распачынаюць 1 верасня ініцыятыву "Час стварэння 2025", якая стане перыядам не толькі малітвы, але і актыўных экалагічных дзеянняў. Пра гэта паведамілі каталіцкія і лютэранскія ўпаўнаважаныя па навакольным асяроддзі, прадстаўляючы свой цалкам перапрацаваны анлайн-партал www.schoepfung.at.

Экалагічныя ініцыятывы: ад святкаванняў да “балконных электрастанцый”

На абноўленым партале прадстаўлены шматлікія практычныя ініцыятывы, якія рэалізуюцца падчас "Часу стварэння": адмова ад аўтамабіля ў час посту, "Прыроднае святкаванне" для экалагічна спрыяльнага правядзення парафіяльных свят і "На ровары ў Касцёл" (сёлета 21 верасня). Асаблівую цікавасць выклікае праграма EMAS для інтэграцыі касцельнага экалагічнага кіравання ў паўсядзённае жыццё.

Найбольш інавацыйнымі ініцыятывамі "Часу стварэння" з'яўляюцца фотаэлектрычныя ўстаноўкі, сумяшчальныя з аховай помнікаў архітэктуры, праекты ўстойлівага будаўніцтва, а таксама ініцыятывы па выратаванні харчовых прадуктаў і адукацыйныя мерапрыемствы для свядомага абыходжання з энергіяй і рэсурсамі.

Для заахвочвання новых ініцыятыў экуменічная каманда ўпаўнаважаных па навакольным асяроддзі аб'явіла касцельную экалагічную прэмію 2025 года, якую можна атрымаць да завяршэння "Часу стварэння" 4 кастрычніка.

Найбуйнейшая ў Аўстрыі сетка мікрасонечных панэляў

Самым амбіцыйным праектам у рамках "Часу стварэння" стала стварэнне найбуйнейшай у Аўстрыі размеркаванай сеткі кампактных сонечных панэляў (так званых "балконных электрастанцый"), якія ўстанаўліваюцца на балконах, верандах ці ў садах. Акцыя, ужо паспяхова праведзеная Лютэранскай Царквой, падчас якой было ўстаноўлена 102 такія мініяцюрныя сонечныя станцыі, будзе значна пашырана ў наступным годзе.

"Мэта заключаецца ў тым, каб максімальна прыцягнуць лютэранскіх і каталіцкага вернікаў да будаўніцтва найбуйнейшай размеркаванай сеткі мікрасонечных панэляў", - растлумачыў Дзітмар Канатшніг, ініцыятар акцыі і ўпаўнаважаны па пытаннях клімату і ўстойлівага развіцця Лютэранскай Царквы ў Аўстрыі.

Такія практычныя ініцыятывы ў рамках "Часу стварэння" дэманструюць, як рэлігійныя супольнасці рэалізуюць заклік Папы Льва XIV "ператварыць словы ў канкрэтныя дзеянні" ў клопаце пра агульны дом.
 

25 жніўня 2025, 10:35