“Caritas” і больш за 100 НДА патрабуюць адкрыць доступ у Газу
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
З 2 сакавіка 2025 года большасць буйных міжнародных няўрадавых арганізацый (НДА) не змаглі даставіць у Газу нават адзін грузавік з прадметамі першай неабходнасці, нягледзячы на сцвярджэнні ізраільскіх улад аб адсутнасці абмежаванняў. Ізраільцяне адхіляюць запыты дзясяткаў НДА на ўвоз тавараў.
Перашкода звязана з новымі правіламі рэгістрацыі міжнародных НДА, уведзенымі ў сакавіку. Згодна з гэтымі новымі правіламі, у рэгістрацыі можа быць адмоўлена на падставе расплывістых і палітызаваных крытэрыяў. Міжнародныя НДА лічаць, што гэты працэс быў задуманы для кантролю над незалежнымі арганізацыямі і цэнзуры гуманітарных навін.
Гуманітарныя арганізацыі заклікаюць усе дзяржавы і донараў аказаць ціск на Ізраіль, каб спыніць выкарыстанне дапамогі ў якасці інструмента, настойваць на тым, каб міжнародныя НДА не былі вымушаны дзяліцца канфідэнцыяльнай інфармацыяй, і патрабаваць неадкладнага і безумоўнага адкрыцця ўсіх наземных пагранічных пераходаў для дастаўкі выратавальнай гуманітарнай дапамогі.