MAP

Адзіны каталіцкі храм у Газе Адзіны каталіцкі храм у Газе 

Старшыня епіскапату ЗША: Газа патрабуе дапамогі католікаў

Арцыбіскуп Цімаці Броліа ў лісце да біскупаў заклікаў правесці спецыяльны збор сродкаў для гуманітарнай дапамогі і душпастырскай падтрымкі пацярпелых у Газе, адзначаючы, што "Газа галадае".

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Старшыня Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў ЗША заклікаў да правядзення спецыяльнага збору сродкаў у падтрымку каталіцкіх арганізацый, якія аказваюць дапамогу насельніцтву Газы ва ўмовах працяглага ізраільска-палесцінскага канфлікту. Інфармацыя пра гэта была апублікавана 20 жніўня 2025 года ў паведамленні “OSV News”.

Наш Касцёл аплаквае пакуты нявінных ахвяр насілля ў Газе

У лісце да біскупаў, датаваным 12 жніўня 2025 года, арцыбіскуп Броліа, які таксама ўзначальвае ваенны ардынарыят у ЗША, выказаў глыбокую заклапочанасць крызісам у Газе: "З вялікай пастырскай трывогай пра цяперашні крызіс у Газе я пішу да вас сёння. Наш Касцёл аплаквае жахлівыя пакуты хрысціян і іншых нявінных ахвяр насілля ў Газе і навакольных раёнах, якія змагаюцца за выжыванне, абарону сваіх дзяцей і імкнуцца жыць з годнасцю ў жудасных умовах."

Арцыбіскуп адзначыў, што Папа Леў XIV "працягвае заклікаць да спынення агню і забеспячэння доступу гуманітарнай дапамогі на тэрыторыю Газы, адзначаючы з глыбокім смуткам, што 'Газа галадае'".

Сітуацыя ў Газе патрабуе дапамогі каталіцкай супольнасці

У лісце арцыбіскуп Броліа заклікаў да збору сродкаў для падтрымкі дзвюх каталіцкіх арганізацый: Каталіцкай асацыяцыі дабрабыту Блізкага Усходу (CNEWA) і Каталіцкай службы дапамогі (CRS), якая з'яўляецца замежным гуманітарным агенцтвам Каталіцкага Касцёла ў ЗША.

"Сітуацыя ў Газе і па ўсім Блізкім Усходзе патрабуе дапамогі каталіцкай супольнасці Злучаных Штатаў, - напісаў арцыбіскуп Брогліа. Я прашу вас правесці гэты збор і як мага хутчэй перадаць сродкі ў CNEWA і CRS."

Адзін з трох чалавек у Газе праводзіць цэлыя дні без ежы

У ліпені такія структуры, як Харчовая і сельскагаспадарчая арганізацыя ААН, Сусветная праграма харчавання ААН і ЮНІСЕФ, папярэдзілі, што крызіс у разбураным рэгіёне паглыбляецца, перавышаючы парогі голаду, пры гэтым больш чым адзін з трох чалавек праводзіць цэлыя дні без ежы.

Паводле арцыбіскупа, CNEWA і CRS маюць даўно ўсталяваныя партнёрскія адносіны ў рэгіёне, што дазваляе Каталіцкаму Касцёлу хутка і эфектыўна дастаўляць дапамогу ў Сектар Газа.

Прадстаўнік CRS у Іерусаліме, на Заходнім беразе і ў Газе Джэніфер Пойдатц паведаміла “OSV News” 31 ліпеня 2025 года, што супрацоўнікі CRS у Газе працуюць над забеспячэннем жыхароў высокакаларыйнай і высокабялковай ежай ва ўмовах знішчаных сельскагаспадарчых угоддзяў, дэфіцыту паліва і энергіі, высокіх цэн, небяспекі і захворванняў.
 

21 жніўня 2025, 09:45