Каталіцкія іерархі Уругвая: закон аб эўтаназіі – трагічны крок
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Каталіцкія іерархі Уругвая выступілі з заявай пасля таго, як 13 жніўня 2025 года ніжняя палата Кангрэса краіны адобрыла Закон аб годнай смерці большасцю галасоў (64-29).
Мы падтрымліваем дапамогу, якая захоўвае годнасць пацыента
"Мы пацвярджаем нашу падтрымку паліятыўнай дапамогі, якая клапоціцца і суправаджае пацыента з годнасцю," - гаворыцца ў заяве біскупаў. Падчас сустрэчы з прэзідэнтам Яманду Орсі 5 жніўня 2025 года кіраўніцтва Пастаяннай рады біскупскай канферэнцыі падкрэслілі важнасць "садзейнічаць клопату і падтрымцы людзей у іх пакутах".
Згодна з законапраектам, дарослы, які лічыцца "псіхічна здаровым" і знаходзіцца ў "тэрмінальнай стадыі невылечнай паталогіі", перажываючы "нясцерпныя пакуты", мае права па сваёй просьбе завяршыць жыццё ў выніку эўтаназіі.
Забойства пацыента з'яўляецца неэтычным
У красавіку біскупы апублікавалі дакумент "Сустракаючы канец жыцця з любоўю", у якім адзначылі: "Урачы ніколі не павінны ўдзельнічаць у паводзінах, якія актыўна выклікаюць смерць". Яны падкрэсліваюць: "Забойства пацыента з'яўляецца неэтычным, нават для таго, каб пазбавіць яго болю, нават калі ён просіць аб гэтым".
Паводле апытання фірмы “Cifra”, 62 працэнта уругвайцаў падтрымліваюць законапраект аб эўтаназіі. Зараз ён паступіць на разгляд у Сенат.
У апошнія гады Уругвай стаў адной з найменш каталіцкіх краін у Лацінскай Амерыцы; паважанае апытанне “Latinobarrómetro”, якое ахоплівае 17 краін рэгіёна, выявіла, што 47 працэнтаў уругвайцаў увогуле не вызнаюць ніякай веры.
Ужо дзве лацінаамерыканскія краіны легалізавалі эўтаназію – Калумбія і Эквадор – пасля рашэнняў канстытуцыйных судоў.