MAP

Карта з пазначэннем краін, якія ўвайшлі ў "World Watch List 2025" Карта з пазначэннем краін, якія ўвайшлі ў "World Watch List 2025" 

Рапарт “Open Doors”: мільёны хрысціян пад пагрозай

Паводле новага рапарту арганізацыі “Open Doors”, больш за 380 мільёнаў хрысціян сутыкаюцца з сур'ёзным пераследам, а гэта азначае, што кожны сёмы вернік сутыкаецца з дыскрымінацыяй.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Больш за 380 мільёнаў хрысціян у свеце зазнаюць сур'ёзны пераслед з прычыны сваёй веры, паведамляецца ў новым рапарце арганізацыі “Open Doors” "World Watch List 2025". Гэта азначае, што кожны сёмы вернік сутыкаецца з дыскрымінацыяй, рэпрэсіямі або насіллем.

Лічбы шакіруюць

Рапарт ахоплівае перыяд з 1 кастрычніка 2023 года па 30 верасня 2024 года і паказвае, што ў 50 краінах з найвышэйшым узроўнем пагрозы жыве больш за 310 мільёнаў хрысціян. За гэты час было забіта 4 476 вернікаў, 4 744 асобы трапілі ў турмы, а амаль 210 тысяч хрысціян былі вымушаны пакінуць свае дамы. Таксама было зафіксавана больш за 7,6 тысяч нападаў на храмы і хрысціянскія аб'екты.

Аўтары рапарту звяртаюць увагу на павелічэнне выкарыстання сродкаў лічбавага кантролю для рэпрэсій супраць вернікаў, асабліва ў Кітаі, дзе прымяняюцца штучны інтэлект і сістэмы распазнавання твараў. Трывожная сітуацыя назіраецца таксама ў Субсахарскай Афрыцы, асабліва ў рэгіёне Сахеля. У Нігерыі ісламсцкія экстрэмісты, у тым ліку “Бока Харам”, выкарыстоўваюць дроны для пошуку хрысціян.

Ёсць прыкметы паляпшэння

Адначасова рапарт указвае на пэўныя прыкметы паляпшэння. Зніжэнне ўзроўню насілля супраць хрысціян прывяло да таго, што Інданезія выпала са спісу 50 найбольш небяспечных краін, а Калумбія перамясцілася з 34-га на 46-е месца. У Нікарагуа, нягледзячы на захаванне высокага ўзроўню пераследу, пасля міжнароднага ціску быў вызвалены і дэпартаваны біскуп Раланда Альварэс.

“Open Doors” падкрэслівае, што пераслед закранае шэсць вымярэнняў жыцця хрысціян: прыватнае, сямейнае, супольнае, нацыянальнае, касцельнае, а таксама праз непасрэднае насілле. Даныя ў рапарце былі незалежна праверыны Міжнародным інстытутам рэлігійнай свабоды (IIRF).
 

23 жніўня 2025, 10:41