MAP

Акаўнты YouTube і TikTok, якія распаўсюджваюць фальшывыя запісы, прыпісваючы іх Льву XIV, створаныя з дапамогай штучнага інтэлекту Акаўнты YouTube і TikTok, якія распаўсюджваюць фальшывыя запісы, прыпісваючы іх Льву XIV, створаныя з дапамогай штучнага інтэлекту  (AFP or licensors)

Тэалогія і фактчэкінг: нечаканая сувязь

Прадстаўнік арганізацыі "Mimikama" Андрэ Вольф падкрэслівае, што тэалагічная адукацыя развівае навыкі крытычнага аналізу, неабходныя для барацьбы з дэзінфармацыяй.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Тэалогія і праверка фактаў выдатна спалучаюцца, бо тэалагічная адукацыя вучыць дакладнаму аналізу і даследаванню паходжання тэкстаў, заявіў Андрэ Вольф, прадстаўнік венскай арганізацыі "Mimikama", у падкасце Аўстрыйскай каталіцкай сацыяльнай акадэміі (Katholischen Sozialakademie Österreichs).

"Тэалагічнае навучанне засноўваецца на тым, што мы разглядаем паходжанне гісторый. Чаму штосьці запісана ў Бібліі? Гэта не без прычыны там знаходзіцца", - тлумачыць Вольф, які сам вывучаў лютэранскую тэалогію. Менавіта таму "Mimikama" ахвотна запрашае тэолагаў у сваю каманду факт-чэкераў.

Гутарка адбылася ў рамках даследчага праекта "Сацыяльны мір". Дырэктар акадэміі Маркус Шлагнітвайт падкрэсліў, што "без даверу грамадскі мір разбураецца", а фэйкавыя навіны і дыпфэйкі сістэматычна падрываюць гэты давер.

"Людзей засыпаюць смеццевай інфармацыяй, каб яны ўрэшце сказалі: я больш не ведаю, каму верыць. Гэтая няўпэўненасць і ёсць мэта", - патлумачыў Вольф. Таму зніжаецца парог для нянавісці, а экстрэмальныя пазіцыі становяцца прымальнымі.

У гэтай сітуацыі важная роля Касцёлаў: "Нам патрэбна мужнасць сказаць 'стоп', калі межы дапушчальнага пастаянна пашыраюцца. Касцёлы могуць і павінны ўмацоўваць гэтую мужнасць".

Таварыства "Mimikama" ўжо 15 гадоў змагаецца з інтэрнэт-злоўжываннямі і правяло амаль 40 000 праверак фактаў. Сёння значная частка іх працы – асветніцкая дзейнасць і прафілактычныя семінары.
 

14 ліпеня 2025, 12:36