MAP

Сірыйскі горад Хомс Сірыйскі горад Хомс 

Біскуп: Сірыя на мяжы выжывання, Касцёл – апошняя надзея

Арцыбіскуп Хомса Жак Мурад апісаў катастрафічную сітуацыю ў Сірыі, дзе беднасць, бесперспектыўнасць і разбураная сістэма адукацыі пагражаюць будучыні краіны.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Іерарх выказаў трывогу адносна крытычнага становішча ў Сірыі, падкрэсліваючы пры гэтым неабходнасць захавання прысутнасці Касцёла. "Езус хоча, каб Яго Касцёл заставаўся ў Сірыі", - заявіў ён у інтэрв'ю агенцтву "Fides" пасля вяртання з Рыма.

Архібіскуп востра раскрытыкаваў урад у Дамаску пасля трагедыі 22 чэрвеня 2025 года, калі ў праваслаўнай царкве святога Іллі падчас набажэнства былі забітыя дзясяткі вернікаў. Ён абвінаваціў улады ў няздольнасці абараніць насельніцтва, адзначыўшы, што хрысціяне ўсё часцей сутыкаюцца з запалохваннем і рэлігійнымі пагрозамі з боку новага джыхадысцкага аб'яднання.

Нягледзячы на катастрафічную сітуацыю, Касцёл застаецца апошнім носьбітам надзеі не толькі для хрысціян, але і для ўсяго насельніцтва. У парафіях працягваюцца душпастырская праца і міжрэлігійны дыялог.

Асаблівую занепакоенасць выклікае страта культурнай і "жывой" спадчыны Сірыі. Эміграцыя хрысціян, адсутнасць адукацыйнай і медыцынскай інфраструктуры, а таксама выкараненне цэлых супольнасцей пагражаюць будучыні краіны.

Пастыр католікаў Хомса прызнаўся, што Леў XIV заахвоціў сірыйскіх біскупаў працягваць душпастырскую працу, ствараючы адукацыйныя ўстановы і перспектывы для моладзі, каб спыніць эміграцыю.

Мурад таксама адзначыў, што многія мусульмане падзяляюць цяжкае становішча хрысціян. "Мы ўсе знаходзімся ў адной лодцы", - падкрэсліў ён, цытуючы Папу і дадаючы, што міжрэлігійны дыялог сёння як ніколі важны для ўмацавання грамадскага адзінства.
 

15 ліпеня 2025, 11:49