Саграда Фамілія: “Вежа Хрыста” дасягне 172,5 метраў
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Мега-праект Саграда Фамілія ў Барселоне выходзіць на новы ўзровень са стварэннем “Вежы Езуса Хрыста”, завяршэнне якой запланавана на 2026 год. Калі ўсё пойдзе паводле плану, вежа дасягне вышыні 172,5 метраў, што зробіць яе самай высокай касцельнай вежай у свеце, пераўзыходзячы на 11 метраў папярэдняга рэкардсмена – Ульмскі сабор.
Адначасова ў 2026 годзе Барселона будзе насіць тытул "Сусветнай сталіцы архітэктуры", які прысуджаецца кожныя тры гады па ініцыятыве Міжнароднай асацыяцыі архітэктараў. Гэтае прызнанне з'яўляецца таксама данінай павагі выбітнаму архітэктару Антоніа Гаўдзі (1852-1926), які паходзіў з каталонскага горада Рэўс, але пакінуў свае галоўныя творы ў Барселоне.
Выбар 2026 года не выпадковы. 10 чэрвеня спаўняецца 100 гадоў з дня смерці Гаўдзі. Паводле яго планаў і ідэй, Базіліка Святой Сям’і ў Барселоне будуецца ўжо больш за 140 гадоў, з'яўляючыся адным з найбольш вядомых сакральных будынкаў у свеце і адным з галоўных турыстычных аб'ектаў у Іспаніі.
На запыт, ці будзе “Вежа Хрыста” ўрачыста асвечана менавіта ў дзень смерці Гаўдзі, адказныя за будаўніцтва пакуль не даюць дакладнага адказу. Вядома толькі, што на 2026 год запланавана каля 60 мерапрыемстваў, уключаючы выставы, майстар-класы і канцэрты. Падрабязнасці праграмы будуць абвешчаны ў сярэдзіне верасня на міжнароднай прэс-канферэнцыі.
Завяршэнне працы над “Вежай Хрыста” не азначае заканчэнне будаўніцтва ўсёй Саграда Фаміліі. Рэалістычным тэрмінам для поўнага завяршэння з'яўляюцца 2030-я гады.