MAP

Журы "Прэміі Заіда" за 2026 год Журы "Прэміі Заіда" за 2026 год  (Press office of Zayed Award for Human Fraternity)

Абвешчаны склад журы “Прэміі Заіда за чалавечае братэрства”

Шэсць міжнародных экспертаў, сярод якіх прадстаўнік Святога Пасада, былы кіраўнік Еўрапейскага савета і кіраўніца ЮНІСЕФ, вызначаць лаўрэатаў Прэміі вартасцю 1 мільён долараў.

Vatican News

У Абу-Дабі 7 ліпеня 2025 года абвешчаны склад новай камісіі журы "Прэміі Заіда за чалавечае братэрства", якая прысуджаецца асобам і арганізацыям за іх унёсак у развіццё чалавечага братэрства і спрыянне мірнаму суіснаванню народаў.

Прэмія як платформа натхнення для свету

Сярод шасці членаў міжнароднай камісіі – выбітныя дзеячы з розных кантынентаў і сфер дзейнасці: Кэтрын Расэл з ЮНІСЕФ, Шарль Мішэль, які раней узначальваў Еўрапейскі савет і ўрад Бельгіі; Муса Факі Махамат, дасведчаны дыпламат з Чада і былы старшыня Камісіі Афрыканскага Саюза; Саіда Мірзіёева, кіраўніца адміністрацыі прэзідэнта Узбекістана; кардынал Жазэ Таленціна дэ Мендонса, кіраўнік Дыкастэрыі па культуры і адукацыі; а таксама суддзя Мухамед Абдэльсалам, які займае пасаду генеральнага сакратара самой Прэміі.

Сёлетнія члены журы паходзяць з Афрыкі, Азіі, Еўропы, Блізкага Усходу і Амерыкі, і прадстаўляюць розныя сферы, такія як гуманітарная дапамога дзецям, дыпламатыя, культура, адукацыя, СМІ і права.

Спадчына міру і братэрства

Кардынал Жазэ Таленціна дэ Мендонса, каментуючы сваё прызначэнне, не хаваў эмоцый і падкрэсліў, што бачыць у гэтым не проста фармальную пасаду, але сапраўдную місію: "Я прымаю гэтую адказнасць, давераную мне Папам Францішкам. (...) У духу служэння і паслухмянасці Папу Льву XIV я з нецярпеннем чакаю вывучэння заявак і знаёмства з многімі людзьмі, якія мяняюць свет да лепшага."

“Прэмія Заіда” была заснавана ў 2019 годзе пасля гістарычнай сустрэчы ў Абу-Дабі паміж Папам Францішкам і Вялікім Імамам Аль-Азхара Ахмедам Эль-Таебам, падчас якой быў падпісаны "Дакумент аб чалавечым братэрстве".

Узнагарода для герояў чалавечнасці ва ўсім свеце

З моманту заснавання прэміі яе атрымалі 16 лаўрэатаў з 15 краін, сярод якіх Папа Францішак і Вялікі Імам Аль-Азхара Ахмед Эль-Таеб (ганаровыя лаўрэаты), генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш, каралеўская пара Іарданіі – Кароль Абдала II і Каралева Ранія, а таксама шэраг арганізацый і дзеячаў, якія працуюць на карысць міру і чалавечага братэрства.

Тэрмін падачы заявак на "Прэмію Заіда 2026" вызначаны да 1 кастрычніка 2025 года. Гэта можна зрабіць праз афіцыйны сайт Прэміі: .

"Прэмія Заіда”, узнагарода ў памеры 1 мільён долараў, з'яўляецца не толькі прызнаннем дасягненняў, але і сродкам для далейшага развіцця ініцыятыў, накіраваных на ўмацаванне чалавечага братэрства і мірнага суіснавання.
 

08 ліпеня 2025, 11:09