Арцыбіскуп Галахер праводзіць насычаны тыдзень у Мексіцы
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Згодна з апублікаванай інфармацыяй, праграма візіту ўключае не толькі ўдзел у Генеральнай асамблеі Міжнароднай федэрацыі каталіцкіх універсітэтаў, але і шэраг важных дыпламатычных і касцельных падзей.
Дыпламатыя Святога Пасаду на службе міру і супрацоўніцтва
У першы дзень свайго візіту, 24 ліпеня, дыпламат правядзе сустрэчы з кіраўніцтвам епіскапату Мексікі. Ён сустрэнецца з яго старшынёй, біскупам Рамонам Кастра Кастра і генсекам, біскупам Эктарам Марыа Перэсам Вільярэалем.
Таксама запланаваны важныя дыпламатычныя сустрэчы з прадстаўнікамі мексіканскага ўрада: міністрам замежных спраў Хуанам Рамонам дэ ла Фуэнтэ Рамірэсам, міністрам унутраных спраў Росай Іцэлай Радрыгес Веласкес і сакратаром па рэлігійных справах Кларай Лус Флорэс.
Святкаванне і малітва ў сэрцы дыпламатычнай місіі
Пятніца, 25 ліпеня, будзе прысвечана ўрачыстасці з нагоды Папскага дня, які адзначаць ў апостальскай нунцыятуры ў прысутнасці дыпкорпуса і прадстаўнікоў рэлігійных і свецкіх арганізацый.
Нядзеля, 27 ліпеня, стане днём асаблівай духоўнай значнасці – арцыбіскуп Галахер будзе цэлебраваць святую Імшу ў санктуарыі Маці Божай Гвадалупскай, які з'яўляецца галоўным марыйным санктуарыем не толькі Мексікі, але і ўсёй Лацінскай Амерыкі.
Каталіцкія ўніверсітэты – цэнтры дыялогу веры і культуры
У панядзелак, 28 ліпеня, адбудзецца ключавая падзея візіту – канферэнцыя па акадэмічнай дыпламатыі, прымеркаваная да Генеральнай асамблеі Міжнароднай федэрацыі каталіцкіх універсітэтаў.
Гэты візіт падкрэслівае шматвектарны характар дыпламатыі Святога Пасада, якая ахоплівае не толькі міждзяржаўныя адносіны, але і падтрымку каталіцкай адукацыі і культуры ва ўсім свеце.
Падрабязная праграма візіту была апублікавана на ў сацыяльнай сетцы “X”, дзе рэгулярна публікуюцца навіны пра дзейнасць дыпламатыі Святога Пасада.