Польшча: жанчыны змогуць пахаваць дзіця пасля выкідыша
Ян Глінскі
Агнешка Дзем’яновіч-Бонк, міністр сям’і, працы і сацыяльнай палітыкі Польшчы, падпісала важную пастанову, якая зменіць становішча жанчын пасля выкідыша.
Пастанова міністра сям’і, працы і сацыяльнай палітыкі ад 21 ліпеня 2025 года аб унясенні змен у пастанову аб аб’ёме інфармацыі аб абставінах, якія ўплываюць на права на выплаты па сацыяльным страхаванні ў выпадку хваробы і родаў або іх памер, а таксама аб дакументах, неабходных для прызначэння выплат, увойдзе ў моц у жніўні 2025 года.
Паводле каментара эксперткі ў праве працы і HR Монікі Смулевіч, згодна з пастановай, жанчыны, якія страцілі дзіця на ранніх тэрмінах, атрымаюць наступныя правы: восем тыдняў адпачынку па цяжарнасці і родах (ст. 180¹ §1 Працоўнага кодэкса), фінансавую дапамогу па цяжарнасці і родах на перыяд гэтага адпачынку (фінансуецца ZUS), фінансавую дапамогу на пахаванне (калі сям’я бярэ на сябе выдаткі на пахаванне), магчымасць зарэгістраваць дзіця ў органах ЗАГС і атрымаць пасведчанне аб нараджэнні з адзнакай “мёртванароджаны” без указання полу дзіцяці.
Што змяняе новая пастанова?
Пастанова адмяняе патрабаванне адносна вызначэння полу дзіцяці пасля выкідыша для рэгістрацыі ў органах ЗАГС. Дастаткова будзе медыцынскай даведкі ад урача-спецыяліста, у якой пацвярджаецца факт выкідыша або мёртванароджанасць (без неабходнасці выканання дарагога генетычнага тэсту для вызначэння полу).
Па словах Монікі Смулевіч, да гэтага часу ў Польшчы страта цяжарнасці на ранніх тэрмінах часта азначала адсутнасць права на жалобу з-за адсутнасці “доказаў” існавання дзіцяці.