MAP

У перуанскім Чыклаё У перуанскім Чыклаё 

Папскі маршрут і 6,5-метровы помнік Льву XIV у Перу

Урад Перу зацвердзіў турыстычны праект "Дарогі Папы Льва XIV", які аб'яднае 38 выдатных аб’ектаў і мясцін у чатырох правінцыях. Таксама ў горадзе Чыклаё з'явіцца 6,5-метровы помнік Папу.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Праект "Caminos del Papa León XIV" (Дарогі Папы Льва XIV) з'яўляецца супольнай ініцыятывай перуанскага ўрада, рэгіянальных і мясцовых улад, Каталіцкага Касцёла і прыватнага сектара. Урад у Ліме выдзеліў на гэтую мэту каля дзевяці мільёнаў еўра, што сведчыць пра значнасць гэтай ініцыятывы для краіны.

Нацыянальная ініцыятыва міру

Падчас цырымоніі адкрыцця ў Чыклаё прэзідэнт Перу Дзіна Балуартэ заклікала да "нацыянальнай ініцыятывы міру". Яна падкрэсліла, што праект з'яўляецца выразам супольнага ўдзелу на карысць веры, развіцця і грамадскай згуртаванасці.

"Турыстычны шлях павінен не толькі злучаць месцы, але таксама весці праз памяць, веру і надзею людзей, якія ніколі не пераставалі марыць – і якія сёння могуць з гонарам сказаць, што ў нас ёсць перуанскі Папа", - адзначыла Балуартэ.

Паводле прэзідэнта, мэтай шляху з'яўляецца садзейнічанне духоўным сустрэчам, і адначасова ўмацаванне культурнай і прыроднай спадчыны рэгіёнаў Ламбаеке, Ла Лібертад, Піура, Кальяо, а ў будучыні, Апурымак – месцаў, дзе Папа Леў XIV працаваў як місіянер і біскуп.

Новая славутасць для горада

Тым часам мясцовыя палітыкі абвясцілі, што горад Чыклаё хоча ўшанаваць Льва XIV скульптурай вышынёй 6,50 метра. Яна будзе ўстаноўлена пры ўездзе ў горад і стане новай славутасцю. Мастацкі твор будзе прафінансаваны са сродкаў рэгіянальнага самакіравання Ламбаеке, паведаміў губернатар Хорхе Перэс Фларэс.

"Будаўніцтва пачнецца ў найбліжэйшыя месяцы", - падкрэсліў губернатар, дадаўшы, што помнік стане сімвалам духоўнай сувязі рэгіёна з Папам.

Аўгустынец айцец Роберт Прэвост, цяперашні Папа Леў XIV, на працягу многіх гадоў працаваў у Перу, у тым ліку восем гадоў як біскуп Чыклаё. З 2015 года ён мае як перуанскае, так і амерыканскае грамадзянства, што робіць яго асабліва блізкім для жыхароў Перу.

Балуартэ таксама абвясціла пра інфраструктурныя праекты, такія як рэнавацыя Музея Сікан і катэдры ў Чыклаё, што дадаткова ўзбагаціць турыстычны маршрут і падкрэсліць культурную значнасць рэгіёна.
 

22 ліпеня 2025, 11:02