Скульптуры апосталаў вяртаюцца на шпіль Нотр-Дам
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
23 чэрвеня 2025 года першай з 16 фігур, якія ўпрыгожвалі шпіль з XIX стагоддзя, вярнулася статуя святога Паўла, вагой 140 кілаграм і вышынёй 3,4 метра, выкананая з медзі. Астатнія будуць усталяваны на працягу гэтага лета.
Дванаццаць фігур прадстаўляюць апосталаў, а чатыры астатнія – гэта сімвалы евангелістаў: леў – святога Марка, бык – святога Лукі, арол – святога Яна і анёл – святога Мацвея. Святы Тамаш, заступнік архітэктараў, мае твар Эжэна Віяле-ле-Дзюка, ініцыятара ўзвядзення шпіля на даху сабора Нотр-Дам.
Рэнавацыя фігур, якая каштавала 1,4 мільёна еўра, стала магчымай дзякуючы прыватным ахвярадаўцам, чые ўнёскі збіралі два фонды: французскі “Fondation Notre-Dame” (85 працэнтаў сродкаў) і амерыканскі “Friends of Notre-Dame” (астатнія 15 працэнтаў).
Пад уплывам часу і акіслення статуі змянілі колер на зялёны. Цяпер яны вярнулі сваё арыгінальнае бронзавае адценне, у тым ліку дзякуючы выкарыстанню паціны, зробленай з раздушаных костачак абрыкосаў, дзякуючы чаму яны будуць лепш вылучацца на фоне светлага шпіля.
Сабор Нотр-Дам, адкрыты для наведвання ў снежні 2024 года, яшчэ чакае далейшыя рэстаўрацыйныя працы: рэнавацыя апсіды, абсталяванне прэзбітэрыя і інтэр'ера святыні, а таксама супярэчлівы праект замены старажытных, гістарычных вітражоў у некаторых бакавых капліцах сучаснымі творамі.