MAP

Пашкоджаны пасля масіраваных расійскіх бамбардзіровак будынак у Кіеве Пашкоджаны пасля масіраваных расійскіх бамбардзіровак будынак у Кіеве  (AFP or licensors)

Кульбокас: узмацніліся абстрэлы Кіева, нунцыятура пашкоджана

Нунцый ва Украіне каментуе сітуацыю ў сталіцы, дзе выбухнулі дзясяткі расійскіх ракет, таксама ў раёне, дзе знаходзіцца папскае прадстаўніцтва.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Апостальская нунцыятура ў Кіеве таксама знаходзіцца сярод шматлікіх будынкаў, пашкоджаных падчас масіўнай расійскай атакі дронамі і балістычнымі ракетамі, нанесенай па ўкраінскай сталіцы ў ноч з 9 на 10 ліпеня 2025 года. Аб сітуацыі на месцы ў інтэрв'ю Святлане Духовіч з украінскай рэдакцыі "Vatican News" расказаў нунцый, арцыбіскуп Вісвальдас Кульбокас.

"Атакі на горад усё больш узмацняюцца, яны сталі значна часцейшымі і больш інтэнсіўнымі ў параўнанні з атакамі – хоць і інтэнсіўнымі – мінулых трох гадоў. Таксама гэтай ноччу і ў першыя гадзіны сёння раніцай было дзясяткі і дзясяткі ракет і дронаў", - распавёў іерарх.

Нашая рэзідэнцыя пацярпела ад абстрэлаў

"Турбуе тое, што, як відаць, дроны нацэлены на цывільныя кварталы. Я бачыў на ўласныя вочы і чуў, як некаторыя дроны круцілі менавіта вакол нунцыятуры і будынкаў. Не ведаю, што яны шукалі. Мы чулі розныя выбухі, два з іх вельмі блізка", - дадаў прадстаўнік Папы.

Ён таксама расказаў журналістцы, што агледзеў пашкоджанні ў грамадзянскіх дамах: адзін прыкладна ў 70 метрах, другі – у 90 метрах ад нунцыятуры. " Наша рэзідэнцыя таксама атрымала пашкоджанні: пацярпелі і дах галоўнага будынка, і гараж, і службовыя памяшканні. Мы сабралі каля дзясятка досыць вялікіх асколкаў і думаю, што гэта быў дрон, а не ракета. Людзі ў парадку, мы не атрымалі траўмаў. Але, вядома, робіць уражанне, калі бачыш выбухі, якія адбываюцца ў непасрэднай блізкасці", - дадаў арцыбіскуп Кульбокас.

Раён, дзе знаходзіцца нунцыятура, абстрэльваецца інтэнсіўна

Нунцыятура знаходзіцца ў Шаўчэнкаўскім раёне, які, паводле статыстыкі, з'яўляецца раёнам, які найбольш падвяргаецца абстрэлам пасля гарадоў на лініі фронту, такіх як Запарожжа, Харкаў, Херсон, Адэса, Сумы.

"Некаторыя ракеты прыляталі на адлегласць некалькіх соцень метраў, але гэтай ноччу некалькі прыляцелі вельмі і вельмі блізка", - распавёў нунцый Святлане Духовіч.

Усё гэта заклікае нас маліцца яшчэ больш інтэнсіўна за мір

Дыпламат таксама адзначыў, што пасля такой складанай ночы цяжка выконваць штодзённыя абавязкі, паколькі энергія значна зніжаецца. Да таго ж, менавіта ў гэтыя дні манахіні, якія працуюць у нунцыятуры, прымаюць сваю генеральную настаяцельніцу з дэлегацыяй. Яны таксама правялі ноч без сну.

"Гэты момант заклікае мяне прасіць аб малітве ўсіх: я маю вялікі давер да нашай малітвы. Мы, хто моліцца, магчыма, не вартыя гэтай ласкі Пана, але ў Юбілейны Год мы давяраемся Яго міласэрнасці, і таму я заклікаю ўсіх маліцца... Усе разам, аб'яднаем нашы малітвы і папросім, паўторым гэтую просьбу да Пана, каб Ён падарыў нам мір", - заклікаў арцыбіскуп Кульбокас у інтэрв'ю для "Vatican News".
 

10 ліпеня 2025, 14:46