Прадстаўнік РПЦ даў інтэрв’ю перад першай сустрэчай з Львом XIV
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
За некалькі дзён да першай сустрэчы з Папам Львом XIV у Ватыкане Мітрапаліт Валакаламскі даў інтэрв'ю італьянскай газеце "La Repubblica", у якім падкрэсліў, што з моманту выбрання новага Папы не было ніякіх ініцыятыў адносна сустрэчы на вышэйшым узроўні паміж Маскоўскім Патрыярхатам і Святым Пасадам.
Іерарх станоўча ацаніў адносіны памерлага тры месяцы таму Папы Францішка да Расіі, адзначыўшы, што яго першая сустрэча з Патрыярхам Кірылам на Кубе ў 2016 годзе мела станоўчы ўплыў на двухбаковыя адносіны. "Папа Францішак імкнуўся зразумець карані расійска-ўкраінскага канфлікту і заняў узважаную пазіцыю. Масква была ўдзячная Францішку за яго вострую крытыку мер, прынятых Украінай супраць РПЦ", - сказаў праваслаўны іерарх.
Што тычыцца Льва XIV, Мітрапаліт адзначыў, што яшчэ не меў асабістых размоў з ім, таму рана даваць ацэнкі. "Спадзяюся, што змагу пагаварыць з новым Папам пра перспектывы развіцця адносін паміж рускім праваслаўем і Каталіцкім Касцёлам. У сітуацыі прагрэсіруючай секулярызацыі хрысціяне павінны ўзмацніць супрацоўніцтва", - падкрэсліў Антоній.
Кажучы пра пасрэдніцкую місію кардынала Матэа Дзупі паміж Расіяй і Украінай, прадстаўнік Рускай Праваслаўнай Царквы растлумачыў, што ведае кардынала шмат гадоў, і падчас іх першай сустрэчы ў Маскве Патрыярх запэўніў папскага пасланніка ў агульным імкненні да міру. На думку праваслаўнага іерарха, Цэрквы павінны засяродзіцца на гуманітарных выкліках.
На пытанне, ці можа Святы Пасад стаць месцам для мірных перамоў, як прапанаваў Папа Леў XIV, Мітрапаліт Антоній адказаў: "Пасрэднік павінен быць нейтральным... Я не ўпэўнены, што Каталіцкі Касцёл можа называць сябе нейтральным". Ён нагадаў, што прадстаўнік Каталіцкага Касцёла ў Кіеве выказаў згоду на тое, каб Руская Праваслаўная Царква была забаронена ва Украіне.
Акрамя таго, Мітрапаліт адзначыў, што епіскапат Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы распаўсюджвае антырасійскія прамовы, на што Апостальская Сталіца не рэагуе. Ён таксама яшчэ раз адкінуў абвінавачванні ў тым, што Руская Праваслаўная Царква ва Украіне з'яўляецца "агентам уплыву Расіі", назваўшы іх "беспадстаўнымі".