Маладыя хрысціяне Еўропы падрыхтавалі Маніфест да Юбілею 2025
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
"Мы не турысты духоўнасці. Мы пілігрымы сэнсу", - гэтымі словамі пачынаецца зварот еўрапейскай моладзі, які стане асновай для маштабнага праекта евангелізацыі ў рамках падрыхтоўкі да Вялікага Юбілею Адкуплення 2033 года.
“Хрыстус жывы, і Ён кліча нас”
Маніфест з'яўляецца вынікам шырокага працэсу дыскусій і супрацоўніцтва маладых людзей з розных краін Еўропы. Ініцыятыва была распачата Канферэнцыяй Біскупаў Іспаніі і атрымала падтрымку шматлікіх епіскапатаў, дыяцэзій, парафій і касцельных рухаў па ўсёй Еўропе.
"Мы ідзём з заплечнікамі, поўнымі сумневаў, ран, песень і надзеі. І з упэўненасцю ў сэрцы: Хрыстус жывы, і Ён кліча нас", - гаворыцца ў тэксце.
У дакуменце маладыя хрысціяне выказваюць сваю трывогу станам духоўнасці ў Еўропе: "На кантыненце, які, здаецца, забыў сваю душу, мы выбіраем памятаць. Памятаць, што мы былі створаны для свабоды, што ёсць прыгажосць у наследаванні Езуса, што Евангелле не з'яўляецца мінулым: гэта палымнеючы і сёння агонь, запалены Духам Святым".
“Мы ўстаём як пакаленне”
Праект "Рым 25 – Сант'яга 27 – Іерусалім 33" прадугледжвае тры этапы: пачатак у Рыме падчас Юбілею 2025 года, працяг у Сант'яга-дэ-Кампастэла ў 2027 годзе і завяршэнне ў Іерусаліме ў 2033 годзе, калі будзе адзначацца 2000-годдзе Адкуплення.
"Мы ўстаём як пакаленне: не дасканалае, не аднастайнае, не ідэалагічнае. Але чалавечае, сасмяглае, шукаючае, веруючае", - падкрэсліваецца ў Маніфесце.
Афіцыйнае абвяшчэнне Маніфеста адбудзецца 1 жніўня 2025 года ў базіліцы Санта-Марыя-ін-Трастэверэ ў Рыме ў рамках Юбілею Моладзі. Мерапрыемства ўключыць Літургію Слова, шматмоўнае чытанне Маніфеста і афіцыйны адказ Касцёла, які агучыць прадстаўнік Дыкастэрыі па евангелізацыі.
Згодна з праграмай урачыстасці, пасля галоўнай часткі святкавання ўдзельнікі збяруцца на плошчы для музычных выступленняў і сустрэч з прадстаўнікамі розных моладзевых рухаў. Затым адбудзецца сумесная пілігрымка да рымскага Цырка Максіма для ўдзелу ў “Цэлебрацыі Прабачэння”.
"Мы не толькі пішам маніфесты... мы іх пражываем"
Паводле статыстыкі, прыведзенай у прэзентацыйных матэрыялах, больш за 70 працэнтаў маладых еўрапейцаў ва ўзросце ад 16 да 29 гадоў называюць сябе нерэлігійнымі, а 42 працэнтаў кажуць, што іх жыццё "пазбаўлена сэнсу".
"Мы не пасіўныя назіральнікі Еўропы ў заняпадзе. Мы пакаленне, якое ўстае, гатовае быць душой, якую гэтая зямля забыла", - заяўляюць аўтары Маніфеста, заклікаючы маладых людзей ва ўсёй Еўропе далучыцца да руху абнаўлення.
"Таму што іншая Еўропа магчыма. І ты можаш быць часткай агню, які яе абудзіць", - сцвярджаецца ў заключнай частцы тэксту.