MAP

СДМ у Панаме. Ілюстрацыйнае фота СДМ у Панаме. Ілюстрацыйнае фота  (ANSA)

Даследаванне: духоўны рэнесанс сярод пакалення Z

У васьмі краінах свету за апошнія пяць гадоў 50 працэнтаў маладых людзей заявілі пра рост цікавасці да духоўнасці. Новае даследаванне абвяргае тэорыю непазбежнай секулярызацыі грамадства.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Група даследчыкаў “Footprints” прадставіла 24 ліпеня 2025 года ў Папскім універсітэце Святога Крыжа вынікі маштабнага даследавання рэлігійнасці моладзі. Апытанне ахапіла амаль 5 тысяч маладых людзей ва ўзросце 18-29 гадоў з Аргенціны, Бразіліі, Італіі, Кеніі, Мексікі, Філіпін, Іспаніі і Вялікабрытаніі.

Найбольш яскрава тэндэнцыя да духоўнага адраджэння праявілася ў Бразіліі, Кеніі і на Філіпінах, дзе больш за 50 працэнтаў рэспандэнтаў адзначылі рост цікавасці да духоўнасці. У Італіі, Іспаніі і Вялікабрытаніі, нягледзячы на дзесяцігоддзі секулярызацыі, назіраецца "ціхае адраджэнне" веры.

"Нашы даныя паказваюць, што моладзь сёння актыўна шукае духоўныя арыенціры. Гэта адбываецца насуперак тэорыям 1960-70-х гадоў пра непазбежную секулярызацыю грамадства", - адзначыў Джанатан Эванс, старшы даследчык “Pew Research Center”.

Цікавы факт: сярод тых, хто называе сябе няверуючымі, 48 працэнтаў час ад часу моляцца, 62 працэнта звяртаюцца да малітвы ў цяжкія моманты, а 37 працэнтаў просяць вернікаў маліцца за іх.

Папа Леў XIV неаднаразова падкрэсліваў важнасць духоўнага жыцця для маладых людзей. "Мы бачым, што сучасная моладзь жадае больш глыбокага і аўтэнтычнага духоўнага досведу", - сказаў Святы Айцец падчас нядаўняй аўдыенцыі.

У Францыі, паводле даных касцельных крыніц, колькасць ахрышчаных маладых людзей ва ўзросце 18-25 гадоў вырасла з 1 тысячы ў 2022 годзе да 4 тысяч у 2025 годзе. Даследаванне “Bible Society” і “YouGov” у Англіі і Уэльсе таксама зафіксавала рост колькасці "свядомых хрысціян" сярод пакалення Z.

"Мы назіраем тэндэнцыю да больш глыбокага, асэнсаванага духоўнага жыцця сярод маладых людзей, - адзначыў прафесар Кембрыджскага ўніверсітэта Дэніэл Мулін. Гэта не проста вяртанне да традыцыйнай рэлігійнасці, але пошук аўтэнтычнага духоўнага досведу".

Даследаванне было праведзена іспанскай кампаніяй GAD3 у лістападзе-снежні 2023 года метадам CAWI (Computer Assisted Web Interviewing).
 

25 ліпеня 2025, 08:40