MAP

Мігранты спрабуюць дабрацца да надзіманай лодкі ў спробе пакінуць узбярэжжа паўночнай Францыі і перасекчы Ла-Манш, каб дасягнуць Вялікабрытаніі Мігранты спрабуюць дабрацца да надзіманай лодкі ў спробе пакінуць узбярэжжа паўночнай Францыі і перасекчы Ла-Манш, каб дасягнуць Вялікабрытаніі 

Каталіцкая моладзь ЕС выступае за гуманную міграцыйную палітыку

Група маладых католікаў Еўропы сфармуліравала ў нядаўна апублікаваным пазіцыйным дакуменце рэкамендацыі па міграцыйнай палітыцы для Еўрапейскага саюза і яго краін-удзельніц.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Пад эгідай “Youth Net”, ініцыятывы Камісіі Біскупскіх Канферэнцый Еўрапейскай Супольнасці (COMECE), моладзь выступае за гуманную, справядлівую і рэалістычную міграцыйную палітыку ЕС, за годную інтэграцыю мігрантаў на падставе хрысціянскіх каштоўнасцей і сацыяльнага вучэння Касцёла.

Інтэграцыя – гэта двухбаковы працэс

Дакумент пад назвай "Палітыка адносна мігрантаў і ўцекачоў ў ЕС: акцэнт на інтэграцыі" падкрэслівае, што інтэграцыя з'яўляецца "двухбаковым працэсам". "У той час як мігранты павінны паважаць мову, законы і культуру прымаючай краіны, краіны, якія прымаюць мігрантаў, таксама павінны ствараць магчымасці для грамадскага, эканамічнага і культурнага ўдзелу", - гаворыцца ў дакуменце.

Асновай рэкамендацый стала апытанне сярод маладых дэлегатаў з розных краін ЕС, якое суправаджалася гутаркамі з экспертамі ў галіне міграцыі і інтэграцыі.

Асабліва падкрэсліваецца значэнне прафесійнай інтэграцыі. Многія мігранты маюць высокую кваліфікацыю і не знаходзяць працы, якая адпавядае іх узроўню адукацыі – гэта марнаванне патэнцыялу як для асобных людзей, так і для грамадства. Таму аўтары заклікаюць, сярод іншага, да прызнання замежных дыпломаў, індывідуальных праграм падтрымкі і змяншэння бюракратычных перашкод пры доступе да рынку працы.

Міграцыя можа быць рэсурсам для еўрапейскага грамадства

Каталіцкае сацыяльнае вучэнне звязвае працу з чалавечай годнасцю, адзначаецца ў дакуменце. Міграцыя можа быць рэсурсам – асабліва тады, калі мігранты запаўняюць прабелы на рынку працы, якія не могуць быць запоўнены мясцовым насельніцтвам.

Асобны раздзел справаздачы прысвечаны ўспрыманню міграцыі і злачыннасці. Распаўсюджанае меркаванне, што большая міграцыя аўтаматычна прыводзіць да павелічэння злачыннасці, "не заўсёды заснавана на фактах" і часта скажаецца сродкамі масавай інфармацыі або палітычнымі дэбатамі. Хутчэй, больш высокія паказчыкі злачыннасці часта ўзнікаюць там, дзе мігранты маюць недастатковыя магчымасці для інтэграцыі або пакутуюць ад няпэўных умоў жыцця.

Таму маладыя аўтары заклікаюць да ўзмацнення сацыяльнай і моўнай падтрымкі, асабліва для найбольш уразлівых груп, такіх як бежанцы і шукальнікі прытулку. Інтэграцыя, як адзначаецца, з'яўляецца "асноўнай умовай бяспекі і сацыяльнай згуртаванасці".

Міграцыя павінна разглядацца не як пагроза, а як магчымасць

Аўтары таксама звяртаюцца да хвалявання наконт магчымай страты нацыянальнай ідэнтычнасці. Яны прапануюць умацоўваць мясцовыя супольнасці – напрыклад, праз падтрымку сем'яў, валанцёрскую дзейнасць і міжкультурны абмен, у тым ліку ў супрацоўніцтве з парафіяльнымі супольнасцямі. Міграцыя павінна разглядацца не як пагроза, а як "магчымасць для ўзаемнага навучання і сацыяльнага абнаўлення".

Youth Net – гэта ініцыятыва, якая паўстала пад эгідай Камісіі Біскупскіх Канферэнцый Еўрапейскай Супольнасці (COMECE) і аб'ядноўвае маладых католікаў з розных краін ЕС для распрацоўкі прапаноў па актуальных грамадска-палітычных пытаннях на аснове хрысціянскіх каштоўнасцей і сацыяльнага вучэння Касцёла.
 

19 ліпеня 2025, 08:16