MAP

Арцыбіскуп-эмерыт Парыжа кардынал Андрэ Вэн-Труа Арцыбіскуп-эмерыт Парыжа кардынал Андрэ Вэн-Труа  (AFP or licensors)

Макрон пра кардынала Вэн-Труа: апостал міжрэлігійнага дыялогу

Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон выказаў спачуванні французскім католікам пасля смерці арцыбіскупа-эмерыта Парыжа кардынала Андрэ Вэн-Труа, які памёр 18 ліпеня 2025 года ва ўзросце 82 гадоў.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Кіраўнік французскай дзяржавы напісаў, што кардынал Вэн-Труа "прысвяціў сваё жыццё іншым". Ён быў "чалавекам веры, надзеі і любові, дзейнічаў на карысць найбяднейшых і найбольш самотных", а таксама быў "апосталам міжрэлігійнага дыялогу".

Парыжане любілі іерарха – усмешлівага і поўнага гумару

Прыгадваючы жыццёвы шлях пурпурата, Макрон звярнуў увагу, што ён паходзіў з сям'і хоць і каталіцкай, але непрактыкуючай. Сваё святарскае пакліканне адкрыў у знакамітым парыжскім Ліцэі імя Генрыха IV.

"Парыжане пачалі прывязвацца да новага іерарха, якога бачылі, калі ён ехаў на ровары, перасякаў дыяцэзію ў берэце на галаве, усмешлівы і поўны гумару", - падкрэсліў Макрон.

Ён пералічыў пасады, якія займаў нябожчык: у 1999 годзе ён быў прызначаны арцыбіскупам Тура, у 2005 годзе арцыбіскупам Парыжа, а ў 2007 годзе кардыналам і старшынёй епіскапату Францыі, праз што стаў "галоўным суразмоўцам" з свецкай рэспублікай.

Чалавек малітвы з ружанцам у кішэні

"Яго вытанчанае і дыпламатычнае пачуццё прычынілася да таго, што ён быў пакліканы Рымам займацца многімі грамадскімі справамі, а асабліва абаронай хрысціянскай канцэпцыі сям'і. (...) Перакананы ў пакліканні ўсіх людзей да святасці, ён імкнуўся дапамагчы ім у іх уласным пакліканні мужоў і жонак, бацькоў і дзяцей. Чалавек малітвы, заўсёды з ружанцам у кішэні, ён пазбягаў свецкіх рэчаў і часта ездзіў у бенедыктынскае абацтва ў Фангамбо або ў Марно, у Юры, на магілу сваіх бацькоў. У абліччы хваробы, ён падаў у адстаўку ў 2017 годзе і адышоў, каб маліцца", - падкрэсліў прэзідэнт Францыі.

Памерлага кардынала ўшанавала таксама французскі пасол пры Апостальскай Сталіцы Фларэнс Манжэн, пішучы ў сацыяльных сетках, што "Францыя страціла вялікага пастыра, моцны голас Касцёла і Рэспублікі".

У сваю чаргу, Французская Рада Мусульманскага Культу (CFCM) аддала яму пашану як "значнай постаці" у "найноўшай гісторыі" Каталіцкага Касцёла.

Пахаванне кардынала Вэнт-Труа адбудзецца ў сераду 23 ліпеня ў 10.00 у катэдры Нотр-Дам у Парыжы. Днём раней пачнецца малітоўнае чуванне пры яго труне, выстаўленай у гэтым знакавым для французаў і католікаў ва ўсім свеце храме, адбудаваным пасля пажару 2019 года.
 

22 ліпеня 2025, 11:42