MAP

Пахаванне ахвяр удару па касцёлу Святой Сям'і ў Газе Пахаванне ахвяр удару па касцёлу Святой Сям'і ў Газе  (AFP or licensors) Калонка рэдактара

Людзі пад бомбамі і глабалізацыя абыякавасці

У сваёй аўтарскай калонцы галоўны рэдактар ватыканскіх СМІ Андрэа Тарніелі разважае пра атаку на касцёл у Газе і абсурдную эскалацыю вайны.

Тэкст: Андрэа Тарніелі / Адаптацыя: Марыя Валодзіна - Vatican News

Кадры выбуху гавораць самі за сябе: снарад, выпушчаны з ізраільскага танка, трапіў у каталіцкі касцёл Святой Сям’і ў Газе. У гэтым парафіяльным комплексе, дзе знаходзяцца два храм і школа, ужо амаль два гады жывуць пяцьсот бежанцаў – сем’і, якія страцілі свае дамы. Трое загінулі. Дзесяць атрымалі раненні. Адзін з пацярпелых, Сухаіл, вядзе невялікую калонку “Пішу вам з Газы” ў ватыканскай газеце “L’Osservatore Romano”. 8 ліпеня ён даслаў ліст пад загалоўкам “Любоў мацнейшая за вайну”, які завяршаўся словамі: “Будзем маліцца, каб не толькі Газа, але і ўвесь свет аднойчы мог жыць у міры з дапамогай узаемнага прабачэння і прымірэння. Каб настаў дзень, калі вайны скончацца, бо любоў мацнейшая за вайну”.

Ізраільскія ўлады заявілі, што гэта была памылка, што Ізраіль паважае рэлігійныя святыні і што па гэтай справе будзе праведзена расследаванне. Але гэтыя словы мала каго могуць супакоіць – не толькі таму, што ім супярэчаць выявамі разбураных мячэцяў і атакаваных цэрквы (напад на праваслаўную царкву святога Парфірыя забраў жыцці дзясяткаў людзей), але і таму, што ўжо паўтара года няма вынікаў расследавання забойства дзвюх хрысціянак, забітых снайперам у той жа парафіі ў Газе.

Асабліва значныя ў гэтай сувязі словы ізраільскага пасла ў Італіі Джонатана Пеледа, які заявіў: “Мы не жадаем ставіць пад пагрозу грамадзянскія інстытуты. Але тэрарысты паўсюль, нават у грамадскіх будынках, такіх як школы і, на жаль, храмы”. Гэтыя словы ўражваюць, бо яны, па сутнасці, вызначаюць кантэкст таго, што было названа “памылкай”. Пяцьсот безабаронных людзей, многія з якіх штодзённа моляцца ружанец, сталі міжволі “пабочнай мэтай”, бо, як кажа пасол, “гэта часам наступствы вайны”.

Як добра ведаюць чытачы і слухачы ватыканскіх СМІ, мы не чакалі смерці хрысціян, каб пачаць гаварыць пра штодзённыя забойства ў Газе, дзе штотыдзень гінуць дзясяткі нявінных дзяцей, жанчын, мірных жыхароў – ахвяры рэйдаў або ўдараў тых, хто павінен быў забяспечыць бяспеку падчас размеркавання харчавання. Мы пісалі пра гэта і раней, не толькі зараз, калі забіты хрысціяне, паранены Сухаіл. Усе нявінныя ахвяры заклікаюць да нябёсаў. Кожнае жыццё святое. І хрысціяне Газы ўсіх канфесій поўнасцю падзяляюць лёс свайго народа – змучанага палесцінскага народа.

Бесчалавечная разня супраць Ізраіля, здзейсненая тэрарыстамі ХАМАС 7 кастрычніка 2023 года, была рашуча асуджана Святым Пасадам, які заклікаў вызваліць усіх закладнікаў і прызнаў права Ізраіля на абарону. Але тая бесчалавечная разня не можа апраўдаць 60 тысяч забітых і цэлыя знішчаныя гарады. Не можа апраўдаць маўчання і бяздзейнасці тых, хто робіць выгляд, што нічога не бачыць.

Таму мы ніколі не перастанем асуджаць абсурднасць гэтай вайны, паўтараючы словы, якія Леў XIV прамовіў 26 чэрвеня 2025 года падчас сустрэчы з ROACO – арганізацыяй па дапамозе Усходнім Цэрквам: “Мы ўсе, як чалавецтва, пакліканы прааналізаваць прычыны гэтых канфліктаў – вылучыць сапраўдныя, паспрабаваць пераадолець іх, і адкінуць ілжывыя, якія з’яўляюцца вынікам эмацыйных маніпуляцый і рыторыкі, рашуча выкрываючы іх. Людзі не могуць гінуць з-за фэйкавых навін”.

Мы пакліканыя пераадолець гэтую глабалізацыю абыякавасці, якая прымушае нас справядліва абурацца аднымі забойствамі і замоўчваць іншыя. Мы павінны рэалістычна глядзець на сітуацыю на Блізкім Усходзе і на абсурдную эскалацыю вайны, калі адкрываюцца ўсё новыя франты, нібыта выжыванне лідараў – як тэрарыстычных арганізацый, так і дзяржаў – залежыць не ад міру, а ад бясконцай вайны.
Прыйшоў час, каб міжнародная супольнасць нарэшце знайшла ў сабе мужнасць умяшацца ўсімі сродкамі, якія дае міжнароднае права, каб прымусіць зброю сціхнуць, спыніць разню і пакласці канец гульням лідараў, за якія расплачваюцца жыццямі тысячы нявінных.

18 ліпеня 2025, 14:45