MAP

Кіраўнікі хрысціянскіх канфесій і дыпламаты ў Тайбеху Кіраўнікі хрысціянскіх канфесій і дыпламаты ў Тайбеху 

Касцельныя лідары наведалі атакаваную палесцінскую вёску

Кіраўнікі шасці хрысціянскіх канфесій і дыпламаты з каля 20 краін выказалі салідарнасць з Тайбехам, апошняй выключна хрысціянскай вёскай на акупаваным Заходнім беразе.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Кіраўнікі шасці хрысціянскіх канфесій і дыпламаты з каля 20 краін сабраліся 14 ліпеня 2025 года ў Тайбеху, каб выказаць падтрымку мясцовым жыхарам пасля нападаў яўрэйскіх экстрэмістаў. Сярод прысутных былі Лацінскі Патрыярх, кардынал П'ербатыста Піцабала і грэцка-праваслаўны Патрыярх Тэафіл III.

Нават у ваенны час святыя месцы павінны быць абароненыя

Толькі за мінулы тыдзень Тайбех перажыў два напады. Радыкальныя пасяленцы падпалілі палі паблізу жылых дамоў і гістарычнай царквы святога Георгія. Пажары ўдалося пагасіць, але мясцовыя жыхары баяцца, што насілле можа прывесці да знікнення хрысціян ў Святой Зямлі.

Каталіцкі пробашч вёскі, айцец Башар Фавадлех, падкрэсліў, што Тайбех стаў "апошняй лініяй абароны для жывой хрысціянскай прысутнасці на зямлі Езуса". Паводле Патрыярха Піцабалы, у Палесціне засталося каля 50 тысяч хрысціян, а з хрысціянскага трохкутніка Бэтлеем, Бейт-Джала і Бейт-Сахур за апошнія два гады з'ехалі 100 сем'яў.

Тайбех можа стаць каменным сведкам прысутнасці, якая была калісьці

Касцельныя іерархі ўскладаюць частку віны за эскалацыю на ўрад і органы бяспекі Ізраіля, якія "палягчаюць і дазваляюць" дзеянні радыкалаў, ігнаруючы званкі ад мясцовай супольнасці. У Тайбеху кажуць пра "сістэматычнае знішчэнне хрысціянскай прысутнасці ў яе калысцы".

Касцельныя лідары патрабуюць спыніць напады, пакараць вінаватых, дэмантаваць нелегальныя пасяленні і гарантаваць бяспеку мясцовым жыхарам. Ксёндз Фавадлех таксама заклікаў уключыць вёску ў міжнародныя праграмы абароны культурнай спадчыны і забяспечыць устойлівую гуманітарную дапамогу.
 

15 ліпеня 2025, 10:54