Егіпецкія хрысціяне: прагрэс ёсць, праблемы застаюцца
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Становішча хрысціянскай меншасці ў Егіпце значна палепшылася, хаця і патрабуе далейшых змен, заявіў копцка-каталіцкі святар Камэль Самаан у часопісе "Information Christlicher Orient". У краіне, дзе пражывае 110 мільёнаў чалавек, хрысціяне складаюць каля 12 працэнтаў насельніцтва, з якіх прыблізна 300 тысяч належаць да Коптска-Каталіцкай Царквы.
Зараз хрысціяне займаюць высокія пасады ў судах і адміністрацыі
Паводле Самаана, сітуацыя пачала мяняцца пасля прыходу да ўлады прэзідэнта ас-Сісі. Цяпер хрысціяне маюць доступ да кіруючых пасад: вярхоўны суддзя Канстытуцыйнага суда – хрысціянін, а ў склад урада ўваходзіць хрысціянка. Таксама спрасціліся правілы будаўніцтва новых храмаў, і пры стварэнні гарадскіх раёнаў абавязкова рэзервуюцца ўчасткі для касцёлаў.
Нягледзячы на прагрэс, у егіпецкім грамадстве па-ранейшаму распаўсюджана меркаванне, што мусульмане "стаяць вышэй" за хрысціян. "Паводле гэтай інтэрпрэтацыі мы з'яўляемся грамадзянамі другога гатунку", - адзначае святар. Хрысціянскія арганізацыі паведамляюць, што навернутыя ў хрысціянства часта сутыкаюцца з насіллем з боку сваіх блізкіх.
Святар адзначае паляпшэнне адносін паміж Коптскай Праваслаўнай і Копцка-Каталіцкай Цэрквамі пры Патрыярху Тавадрасе II, падкрэсліваючы важнасць асабістага сяброўства паміж духавенствам.
Нашы школы і шпіталі дапамагаюць будаваць масты паміж людзьмі
Копцка-Каталіцкая Царква мае высокі статус у сферы адукацыі і аховы здароўя. У 185 каталіцкіх школах па ўсім Егіпце вучацца 70 працэнтаў мусульман і 30 працэнтаў хрысціян, у тым ліку дзеці высокапастаўленых чыноўнікаў. Касцельныя шпіталі і сацыяльныя ўстановы ў дзевяці дыяцэзіях адкрытыя для ўсіх, садзейнічаючы міжрэлігійнаму дыялогу.
Айцец Самаан, выкладчык Старога Запавету ў Каіры. Ён таксама праводзіць анлайн-курсы для вышэйшай навучальнай установы ў Эрбілі.