"Пакутуюць усе" – “Caritas” пра сітуацыю ў Газе
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Генеральны сакратар “Caritas Internationalis” Алістэр Датан у размове з “Vatican News” заклікаў да неадкладнага спынення бамбардзіровак палесцінскага анклава.
Леў XIV падчас нядзельнай малітвы "Анёл Панскі" чарговы раз заклікаў да павагі міжнароднага гуманітарнага права. Словы Папы падтрымаў Алістэр Датан, спасылаючыся на нядаўні напад на каталіцкую парафію ў Газе, дзе загінулі тры чалавекі. Дзве ахвяры знаходзіліся ў намёце “Caritas Jerusalem”. "Міжнародная супольнасць павінна аказаць ціск на ўрад Ізраіля, каб ён спыніў атакі на цывільнае насельніцтва", - падкрэсліў ён.
Нягледзячы на абяцанні ізраільскіх улад, пастаўкі дапамогі мізэрныя. "Штодзень дваццаць-трыццаць чалавек атрымліваюць кулявыя раненні, спрабуючы здабыць ежу для сваіх сем'яў", - адзначыў Датан. Ён таксама расказаў, што пасля нападу на парафію Святой Сям'і двое параненых памерлі ў шпіталі з прычыны адсутнасці лекаў.
Генсек “Caritas” таксама раскрытыкаваў план прымусовага перасялення палесцінцаў у "гуманітарны горад" у Рафаху, які былы прэм'ер Ізраіля Эхуд Альмерт назваў "канцэнтрацыйным лагерам" і "этнічнай чысткай". Датан папярэдзіў, што гэта супярэчыць міжнароднаму праву.
З моманту заканчэння апошняга перамір'я ў сакавіку 2025 года ўзровень дапамогі рэзка знізіўся. У Сектары Газа зараз дзейнічаюць толькі чатыры пункты харчовай дапамогі, а функцыянаванне месцаў, дзе “Caritas” раней аказваў падтрымку, было прыпынена.