MAP

Арцыбіскуп Бамэнды Эндру Нкеа Фуанья Арцыбіскуп Бамэнды Эндру Нкеа Фуанья 

Камерун: Касцёл – пасрэднік паміж урадам і сепаратыстамі

Арцыбіскуп Бамэнды Эндру Нкеа Фуанья расказаў пра намаганні Каталіцкага Касцёла ў Камеруне па ўсталяванні міру паміж урадам і сепаратыстамі англамоўных рэгіёнаў, дзе канфлікт працягваецца з 2017 года.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

"Праблема ва ўсім рэгіёне захоўваецца", - тлумачыць у інтэрв'ю "L'Osservatore Romano" Эндру Нкеа Фуанья, арцыбіскуп Бамэнды і з 2022 года старшыня Канферэнцыі Біскупаў Камеруна. "У нас па-ранейшаму шмат выпадкаў выкрадання і патрабавання выкупу, працягваюцца катаванні, і насельніцтва па-ранейшаму жыве ў страху", - кажа ён.

З кастрычніка 2017 года, калі сепаратысцкія групоўкі абвясцілі стварэнне Федэратыўнай дзяржавы Амбазонія, у рэгіёне тысячы людзей загінулі і каля 800 тысяч сталі ўцекачамі. Як паведамляе Лука Атаназіа, аўтар артыкула ў "L'Osservatore Romano", з аднаго боку дзейнічаюць "хлопцы Амба", якія здзяйсняюць тэракты і выкраданні, з другога – армія, якая руйнуе цэлыя вёскі пры падазрэнні ў падтрымцы сепаратыстаў.

"На жаль, дыялог становіцца ўсё больш і больш складаным з прычыны насілля і падзелаў унутры сепаратыстаў. Я не вельмі давяраю таму, што ўрад хоча дыялогу з асобнымі групамі", - працягвае арцыбіскуп Нкеа.

Каталіцкі Касцёл імкнецца садзейнічаць дыялогу паміж канфліктуючымі бакамі. "Мы вельмі ўцягнутыя ў пошук рашэння праблемы і працуем разам з іншымі рэлігійнымі лідарамі – прэсвітэрыянамі, баптыстамі, евангелістамі, англіканамі, а таксама імамамі Бамэнды і Буэа", - адзначае іерарх.

У кастрычніку ў Камеруне адбудуцца выбары. У апошнія месяцы некаторыя біскупы выступілі з крытыкай магчымага перавыбрання 92-гадовага Пола Біі на выбарах 2025 года пасля 42 гадоў пры ўладзе. Аднак Касцёл актыўна заклікае людзей удзельнічаць у галасаванні. "Мы запрашаем усіх камерунцаў масава рэгістравацца, і Каталіцкі Касцёл гатовы накіраваць назіральнікаў для маніторынгу выбараў", - падсумоўвае камерунскі арцыбіскуп.
 

01 ліпеня 2025, 11:51