MAP

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (ANSA)

Ватыканскі дыпламат пра міжрэлігійны падыход да ядзернай пагрозы

Кардынал Сільвана Марыя Тамазі лічыць, што рэлігійныя супольнасці могуць садзейнічаць "глабальнай архітэктуры раззбраення і стрыманасці".

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

На канферэнцыі, прысвечанай прадухіленню ядзернай вайны ва Універсітэце Чыкага, кардынал Сільвана Марыя Тамазі, вопытны ватыканскі дыпламат і прыхільнік ядзернага раззбраення, абазначыў ролю рэлігійных супольнасцей у гэтым працэсе. Як паведамляе “OSV News”, у мерапрыемстве ўдзельнічала 20 лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі і 60 экспертаў па ядзернай бяспецы.

Глабальная міжрэлігійная рада як гарант этычнага падыходу да ядзернай зброі

Кардынал прадставіў тры канкрэтныя ініцыятывы для рэлігійных груп. Па-першае, праграмы "міжканфесійнай верыфікацыі", дзе рэлігійныя арганізацыі дзейнічалі б як сведкі грамадзянскай супольнасці ў кантролі над узбраеннямі. Яны маглі б суправаджаць каманды ААН, спрыяючы празрыстасці і пабудове даверу праз маральны нагляд.

Па-другое, "дыялогавыя платформы ранняга папярэджання" – міжрэлігійныя механізмы пабудовы даверу, дзе рэлігійныя лідары маглі б абменьвацца поглядамі з палітыкамі і навукоўцамі для ранняга распазнавання сітуацый, якія дэстабілізуюць.

Па-трэцяе, "глабальная міжрэлігійная рада" з удзелам прадстаўнікоў усіх рэлігій, этыкаў і экспертаў, якая публікавала б справаздачы аб этычных наступствах новых тэхналогій у кантэксце ядзернай стабільнасці.

Рызыка выкарыстання ядзернай зброі ніколі не была большай, чым зараз

Фонам канферэнцыі стала набліжэнне 80-й гадавіны атамных бамбардзіровак Хірасімы і Нагасакі, што забрала 210 тысяч жыццяў. Кардынал Тамазі заклікаў успрымаць гэтыя ўгодкі не толькі як ушанаванне, але і як "акт абнаўлення".

"Выбухі 1945 года паказалі, што мы можам знішчыць, а цяпер час адкрыць, што мы можам захаваць і адбудаваць", - адзначыў ватыканскі дыпламат, падкрэсліваючы неабходнасць абуджэння сумленняў і салідарнасці.

У выніку канферэнцыі была прынята дэкларацыя, якая рэкамендуе глабальнае адмаўленне ад ядзерных выпрабаванняў і заклікае Расію, ЗША і Кітай скараціць арсеналы. Галоўным прамоўцам быў Роберт Флойд з Арганізацыі Дагавора аб усеагульнай забароне ядзерных выпрабаванняў.

Масака Вада, намеснік генеральнага сакратара “Nihon Hidankyo”, японскай арганізацыі ахвяр ядзерных нападаў, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру 2024 года, у відэазвароце папярэдзіла: "Рызыка выкарыстання ядзернай зброі ніколі не была большай, чым зараз". Яна падкрэсліла, што стрымліванне з дапамогай ядзернай зброі не можа выратаваць чалавецтва.
 

24 ліпеня 2025, 11:55