Кантар хору Сікстынскай капэлы правёў семінар у Санкт-Пецярбургу
Католікі і праваслаўныя Санкт-Пецярбурга вучыліся грыгарыянскаму спеву пад кіраўніцтвам музыканта з Ватыкана. Чатырохдзённы семінар правёў кантар хору Сікстынскай капэлы Раймунда Перэйра-Марцінес.
Ян Глінскі
Ватыканскі госць праводзіў тэарэтычныя і практычныя заняткі для 30 ўдзельнікаў семінара, сярод якіх былі не толькі католікі. Па словах арганізатара мерапрыемства Германа Марчанкі, грыгарыянскі спеў выклікае вялікую цікавасць таксама ў праваслаўных хрысціян, таму што гэта старажытны аднагалосны спеў. Аналагічная традыцыя існуе і ў Праваслаўнай Царкве, вядомая як “знаменны распеў” – таксама манадычны, без інструментальнага суправаджэння.
“У сённяшніх рэаліях арганізацыя такіх семінараў – рэдкасць”, – між іншым, адзначыў Герман Марчанка.
Мерапрыемства завяршылася святой Імшой, якую ў манастыры Святога Антонія Цудатворцы ўзначаліў біскуп Мікалай Дубінін OFM Conv, дапаможны біскуп Архідыяцэзіі Маці Божай у Маскве.
26 ліпеня 2025, 12:33