Католікі дапамагаюць: 119 афганскіх бежанцаў прыбудуць у Італію
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
У чацвер, 10 ліпеня 2025 года, каля 16.00 у тэрмінал 5 аэрапорта Ф'юмічына прыбудзе спецыяльны рэйс кампаніі "Solidaire" з Ісламабада, які прывязе 119 афганскіх бежанцаў дзякуючы праекту "Гуманітарныя калідоры". Іх сустрэне і дапаможа ў інтэграцыі “Супольнасць святога Эгідзія”, якая з'яўляецца ініцыятарам пратакола з італьянскай дзяржавай разам з іншымі асацыяцыямі.
Гаворка ідзе пра сем'і і асобных людзей, якія знайшлі прытулак у Пакістане ў жніўні 2021 года і правялі амаль чатыры гады ў надзвычай цяжкіх умовах, у неафіцыйных лагерах і часовых прытулках у цэнтры Ісламабада.
Важна нагадаць, што пасля падзення Кабула і першапачатковай вялікай мабілізацыі, многія з афганцаў, якім удалося выратавацца ў суседніх краінах, усё яшчэ чакаюць перасялення, "забытыя" міжнароднай супольнасцю.
Усяго "Гуманітарныя калідоры", якія прасоўвае “Супольнасцю святога Эгідзія” разам з іншымі асацыяцыямі, дазволілі бяспечна прыбыць у Еўропу больш чым 8500 бежанцам.
Гэты праект, як заявілі прадстаўнікі Супольнасці, цалкам самафінансаваны, рэалізуецца дзякуючы разгалінаванай сетцы прыёму, падтрыманай шчодрасцю многіх італьянскіх грамадзян, і з'яўляецца паспяховай мадэллю, якая спалучае салідарнасць і бяспеку.