MAP

Геапалітычны часопіс “Limes” прысвяціў выпуск Льву XIV

1 ліпеня 2025 года ў Пасольстве Італіі пры Святым Пасадзе ў Рыме адбылася прэзентацыя новага нумара італьянскага геапалітычнага часопіса “Limes”, цалкам прысвечанага Льву XIV. Выпуск пад назвай "Рэбус Папы Льва" аналізуе першы месяц пантыфікату новага Папы.

Марыя Валодзіна - Vatican News

У прэзентацыі прынялі ўдзел галоўны рэдактар “Limes” Луча Карачала, Папскі вікарый для Рымскай дыяцэзіі, кардынал Бальдасарэ Рэйна, і вядомы картограф Лаура Каналі. Сустрэчу вёў журналіст П'ера Ск'явацы.

Асаблівую ўвагу ўдзельнікі надалі першаму пасланню Пантыфіка – закліку да міру, які, нягледзячы на сваю знешнюю прастату, быў названы сапраўдным “рэвалюцыйным актам” у свеце, дзе войны распальваюцца адна за адной.

Кардынал Рэйна адзначыў, што Папа Леў XIV з'яўляецца надзвычай своечасовай постаццю для сучаснага Касцёла. Яго еўрапейскія карані, добрае разуменне амерыканскай рэчаіснасці, глыбокая сувязь з Лацінскай Амерыкай і багаты досвед служэння супольнасці аўгустынцаў па пяці кантынентах даюць яму магчымасць быць чалавекам дыялогу, адкрытым на ўвесь свет. Яго абранне – гэта "дар Провіду", - лічыць іерарх.

На думку кардынала Рэйны, Пантыфік добра разумее патрэбу ў аднаўленні ролі Касцёла ў Еўропе: не гегемоніі еўрапейскага Касцёла, а прысутнасці, якая дазваляла б распаўсюджваць Евангелле з Еўропы па ўсім свеце. Вялікім плюсам з’яўляецца і яго досвед працы ў Рымскай курыі, дзе ён быў прэфектам Дыкастэрыі па справах біскупаў у перыяд рэформы, ініцыяванай Францішкам. Асаблівае значэнне мае і ягоная аўгустынская духоўнасць: імкненне да адзінства, цэнтральнасць Хрыста, братэрства.

Сярод асноўных выклікаў пантыфікату вікарый вылучыў: новыя шляхі евангелізацыі, крызіс пакліканняў, працяг рэформы Рымскай курыі з улікам таго, што на агульных кангрэгацыях, якія папярэднічалі канклаву, паўстала неабходнасць у Касцёле з больш калегіяльнай формай кіравання, а таксама тэма перыферый, у тым ліку экзістэнцыяльных, і спадчына Папы Францішка.

Галоўны рэдактар “Limes” Луча Карачала нагадаў, што Святы Пасад застаецца важным геапалітычным суб’ектам, які аднак перажывае крызіс і павінен занова адкрыць для сябе сэнс супольнасці. У журналіста склалася ўражанне, што Леў XIV лічыць "краіну свайго нараджэння непазбежнай біяграфічнай і культурнай спасылкай" і што ў пэўным сэнсе працягвае лінію Францішка, які лічыў, што Касцёл патрабуе ўзварушэння, але прапануе больш стрыманую мадэль.

Карачала адзначыў, што як "амерыканскі Папа", Леў XIV будзе ацэньвацца па адносінам з дзяржавамі, і менавіта таму ён адразу ж заклікаў да міру. Гэта можа здавацца банальнасцю, відавочнасцю, але мае вялікі сэнс у свеце, перанасычаным рыторыкай вайны.

03 ліпеня 2025, 11:57